У пятніцу ў Латвіі праходзіць забастоўка настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, а таксама работнікаў некаторых ВНУ, у якой бяруць удзел 24 546 чалавек. Страйк падтрымалі 912 навучальных устаноў, пераважная большасць з іх — сярэднія і асноўныя школы, піша delfi.lv. Усяго ў Латвіі каля 2,4 тыс. навучальных установаў.

Мяркуецца, што ў забастоўцы прымуць удзел каля 80% сяброў Латвійскага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (LIZDA).

Удзельнікі акцыі выступаюць супраць новай сістэмы аплаты працы педагогаў, які распрацавала Міністэрства адукацыі і навукі.

Латвійскі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі — найбуйнейшы па колькасці работнікаў у Латвіі прафсаюз. У яго ўваходзяць крыху больш за 50% тых, хто працуе ў сферы адукацыі, асабліва моцныя яго пазіцыі па-за межамі Рыгі.

Прафсаюз не згодны з ходам рэформаў сістэмы адукацыі і колькасцю грошай, якія дзяржава гатова выдзеліць на заробак настаўнікаў.

Раней стаўка педагога — 21 гадзіна ў тыдзень — складала 420 еўра ў месяц. Потым, згодна з новым законам, стаўка скасоўвалася, а з'явіліся «штатная адзінка»: колькасць працоўных гадзін вырасла да 36.

Але цяпер прадугледжаная розніца ў аплаце з увагі на колькасць вучняў у класе. Так у маленькіх класах да 10 вучняў, меркавалася плаціць 800 еўра «бруднымі», у класах да 20 чалавек — да 900 еўра, у вялікіх класах, больш за 25 дзяцей, — да 1000 еўра «бруднымі» (падаходны падатак у Латвіі складае 21%), з г.н. чыстымі тут заробак складае 640, 710 і 790 еўра.

Таму нараканні і выклікае жаданне Мінадукацыі працягваць рэформу «грошы ідуць за вучнем» і вынікаючы з гэтага «відэлец» заробкаў педагогаў сельскіх і сталічных школ.

Калі ў ацэнцы будучых заробкаў настаўнікаў школ прафсаюз і Мінадукацыі разыходзяцца не так, каб сур'ёзна (40-60 еўра ў месяц розніцы — да заробку на ўзроўні 800—1050 еўра ў месяц), то за заробкі педагогаў дашкольных устаноў ідзе сапраўдная вайна, дадае Delfi.

У прыватнасці, у прафсаюзе хочуць, каб выхавальнікі зараблялі ад 700 да 800 еўра, а дзяржава гатова плаціць ад 580 да 760.

Прафсаюз таксама хоча дамагчыся ад дзяржавы яснай колькасці працоўных гадзін педагога (звязаныя з улікам т.зв. «некантактных» гадзін — праведзеных па-за класам), каб ён на самай справе мог зарабляць поўную стаўку.

Каменем сутыкнення з'яўляюцца і заробкі бібліятэкараў і настаўнікаў-выхавальнікаў інтэрнатаў, стаўка якіх на больш чым 200 еўра менш, чым у іх калегаў настаўнікаў-лагапедаў, школьных псіхолагаў і г.д.

Хочуць у Прафсаюзе дамагчыся і павышэння заробкаў работнікаў ВНУ.

Прычым сур'ёзнага павышэння: на сумы ад 144 да 425 еўра, так каб асістэнт атрымліваў мінімум 625 еўра, а рэктар — 1835 еўра ў месяц (цяпер 481 і 1410, адпаведна).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?