1 студзеня 2016 года стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі могуць быць зніжаны. Паводле інфармацыі БелаПАН, меры па падтрымцы алкагольнай галіны прадугледжвае праект бюджэту на наступны год, які знаходзіцца на разглядзе ў парламенце. 

У прыватнасці, размова ідзе аб тым, каб стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі знізіліся на 7,4%. Акрамя таго, у наступным годзе прадугледжана зніжэнне ставак акцызаў на віны пладовыя мацаваныя на 7,5%. Праект бюджэту таксама прадугледжвае захаванне ставак акцызаў на піва на нязменным узроўні ў наступным годзе. 

Пералічаныя меры накіраваны на стабілізацыю сітуацыі з вытворчасцю алкагольнай прадукцыі ў краіне і паляпшэнне фінансавага становішча прадпрыемстваў галіны. 

Звесткі афіцыйнай статыстыкі за студзень—верасень сведчаць аб зніжэнні рэалізацыі алкагольнай прадукцыі на ўнутраным рынку. Так, у студзені—верасні гэтага года аб'ём рэалізацыі моцных алкагольных напояў на ўнутраным рынку знізіўся на 18%, він пладовых мацаваных — больш чым на 20%, піва — на 3,9%. 

Акрамя таго, звесткі аб фінансавых паказчыках адкрытых акцыянерных таварыстваў, абнародаваныя Мінфінам восенню гэтага года, сведчаць аб тым, што многія вытворцы алкагольных напояў у першым паўгоддзі 2015 года атрымалі страты. 

Так, «Мінск-Крышталь» у першым паўгоддзі атрымаў страты ў 13,3 млрд. рублёў, адмоўны вынік фінансавай дзейнасці Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода склаў 8,5 млрд. рублёў, Брэсцкі ЛГЗ «Белалка» атрымаў страты ў памеры 10,2 млрд. рублёў. 

Акрамя таго, стратнымі, паводле звестак Мінфіна, у першым паўгоддзі з'яўляліся лікёра-гарэлачныя заводы ў Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях. 

***

Нагадаем, у жніўні гэтага года неспрыяльная сітуацыя, якая склалася ў алкагольнай галіне, разглядалася на нарадзе з удзелам прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў бядотнае становішча спраў у алкагольнай галіне агрэсіўнай падатковай палітыкай, якая праводзілася ў краіне ў апошнія гады. 

«Акцызная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапаноўвае, практычна ўгробіла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння цаны і разам з кантрафактам да зніжэння попыту на гэтую прадукцыю, а значыць страты бюджэту»,— падкрэсліў Лукашэнка і запатрабаваў навесці парадак у сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0