Спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін заявіў, што Расія пакідае за сабой права на ваенны адказ на дзеянні Турцыі, якая на гэтым тыдні збіла расейскі бамбавік.

У інтэрв'ю румынскаму тэлеканалу Didi24 Нарышкін назваў тое, што здарылася, наўмысным забойствам расійскага вайскоўца, адзначыўшы, што падобныя дзеянні належаць да ваенных злачынстваў, за якія трэба караць.

«Мы ведаем, хто гэта зрабіў. Яны павінны паўстаць перад судом. У сваю чаргу Расія прыме меры ў адказ у строгай адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам. Акрамя таго, у Расіі ёсць права на ваенны адказ», — сказаў спікер.

Нарышкін не стаў удакладняць, якога роду меры ў адказ гатовая прыняць Расія і што канкрэтна ён мае на ўвазе пад магчымым ваенным адказам. Пры гэтым ён нагадаў, што Расія ўжо ўзмацніла абарону сваіх ваенных самалётаў у небе над Сірыяй.

У прыватнасці, па словах спікера, у Сірыю ўжо даставілі комплексы супрацьпаветранай абароны С-400. Раней міністэрства абароны паабяцала вылучаць бамбавікам для суправаджэння знішчальнікі, а таксама прыкрываць самалёты з ракетнага крэйсера «Масква».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?