Адміністрацыя журфаку БДУ расказала берасьцейскім абітурыентам, што трэба, каб здаць прафэсійна‑псыхалягічнае сумоўе.

Сакрэты сумоўя раскрыла абітурыентам намесьніца дэкана факультэту журналістыкі БДУ Вольга Самусевіч. Па яе словах, галоўная мэта тэставаньня — даведацца, ці патрэбна абітурыенту журналісцкая адукацыя, ці менавіта тое ён выбраў для сябе. А пасьля дадала: бязь веданьня асноўных праблемаў беларускага грамадзтва, а таксама геапалітычнай сытуацыі тэст ня здаць.

Сустрэча прадстаўнікоў журфаку з будучымі студэнтамі прайшла ў Берасьцейскім гарвыканкаме. Гэта быў дадатак да «круглага стала», які ладзілі абласныя і гарадзкія ўлады з прадстаўнікамі Мінінфармацыі, выкладчыкамі журфаку й журналістамі газэты «СБ» на чале з рэдактарам Паўлам Якубовічам.

Даведацца, што іх чакае на сумоўі, прыйшло каля дваццаці выпускнікоў школ. Хтосьці нават з бацькамі. Паміж сабой моладзь абмяркоўвала, што на сумоўі трэба біць сябе ў грудзі й распавядаць, што «ў бээрэсэме я быў першым актывістам».

Але пра грамадзкія арганізацыі гутаркі не вялося. Па словах Вольгі Самусевіч, калі абітурыент ня зможа назваць выданьне, якое ўзначальвае Якубовіч, ці не назаве прозьвішча галоўнага рэдактара «асноўнай газэты краіны «Советской Белоруссии», то даведку пра пасьпяховую здачу тэставаньня не атрымае.

— Кожны будучы журналіст акрамя публікацый мусіць ведаць, якія існуюць дзіцячыя ці літаратурна‑мастацкія рэдакцыі, — напалохала прысутных намесьніца дэкана. — Таксама трэба мець досьвед наконт палітычнай сытуацыі ў сьвеце і ведаць, зь якімі праблемамі зараз сутыкаецца беларускае грамадзтва і дзяржава.

Аляксей Мурланаў, «Еўрапейскае радыё для Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0