Свой папярэдні артыкул я назваў «Пунсавее Тыбэт», скарыстаўшы радок вядомай песьні, якая фактычна была гімнам КНР у гады культурнай рэвалюцыі. Пачынаўся ён словамі: «Пунсавее ўсход, узышло Сонца, у Кітаі нарадзіўся Мао Цзэдун…»

Я выкарыстаў таксама факты з кнігі Юн Чжан і Джона Галідэя «Невядомы Мао» (Mao. The Unknown Story), датычныя гісторыі Тыбэту пад камуністычнай уладай. Гісторыя, заснаваная на фактах і сьведчаньнях, мякка кажучы, не супадае з афіцыйнай вэрсіяй Пэкіну і шмат тлумачыць у апошніх сакавіцкіх падзеях у Тыбэце.

Улады КНР прызналі, нарэшце, што паліцыя страляла ў тыбэцкіх дэманстрантаў. Тым часам хваляваньні пракаціліся па суседніх правінцыях — у прыватнасьці, Ганьсу і Сычуань, якія разам з Тыбэтам складаюць ці не траціну тэрыторыі Кітаю. Пэкін сканцэнтраваў там свае войскі…

МЗС Беларусі, як можна было зь лёгкасьцю прадказаць, пасьпяшалася запэўніць, што пазыцыя афіцыйнага Менску ва ўсім супадае з пазыцыяй Пэкіну.

Я не зьбіраюся даваць ацэнку апошнім падзеям ці рабіць прагнозы на будучыню. Ня маю на мэце і рэцэнзаваць кнігу «Невядомы Мао». Яна стала бэстсэлерам на Захадзе (хаця гэта ня лёгкая чытанка). І наўрад ці патрабуе дадатковай рэклямы.

Проста мне падалося, што высновы, якія можна вынесьці з гэтай кнігі, дзіўным чынам кладуцца на сытуацыю апошніх гадоў у Беларусі. Пры тым, што Кітай ва ўсіх сэнсах бясконца далёкі ад нас, а «вялікі стырнавы» амаль нічым не падобны на першага прэзыдэнта РБ, некаторыя паралелі напрошваюцца як бы самі па сабе.

«Вам ня страшна?…»

У Мао Цзэдуна было шчасьлівае дзяцінства, што абвяргае распаўсюджаны тэзіс, быццам жорсткасьць тыранаў абумоўленая дзіцячымі крыўдамі й комплексамі. Мао нарадзіўся ў даволі заможнай сялянскай сям’і. І хаця яго вельмі рана ажанілі (паводле тагачасных традыцыяў), жыў прывольным жыцьцём ва ўлоньні прыроды. Яго любілі ў абедзьвюх сем’ях, не абцяжарвалі фізычнай працай. Ён вельмі любіў маці, але чамусьці не любіў бацьку, хоць той дапамагаў яму грашыма, каб Мао атрымаў адукацыю. Пэўны час ён зарабляў настаўніцтвам і нават стаў дырэктарам сельскай школы.

Лёсам сялянства Мао ніколі не цікавіўся і ставіўся да яго грэбліва. У гады «Вялікага скачка», калі ад голаду і непасільнай працы памерлі мільёны кітайскіх сялянаў, ніякія ўгаворы з боку бліжэйшага паплечніка Лю Шаоцы аблегчыць іх долю і пакуты на Мао нітрохі ня дзейнічалі. Толькі выклікалі ягоную нянавісьць.

Яшчэ ў маладосьці, на пачатку партыйнай кар’еры, ён напісаў злавесны верш: «Глядзіце, як сёньня мы забіваем кепскіх землеўладальнікаў. Вам ня страшна? Ляскаюць нажы, нож аб нож». Прычым слова «забіваем» зусім не было паэтычным тропам, яно адлюстроўвала рэальнасьць.

Але яшчэ больш уражвае стаўленьне Мао, які ўсё жыцьцё любіў чытаць кнігі, да інтэлігэнцыі, у прыватнасьці, да настаўнікаў. У гады «культурнай рэвалюцыі» настаўніцтва было ў літаральным сэнсе зьнішчанае як кляса. Прычым забівалі, катавалі й зьдзекаваліся з настаўнікаў і выкладчыкаў хунвэйбіны («чырвоныя ахоўнікі») — у пераважнай масе школьнікі‑падлеткі. Мао не хаваў, што ставіць на мэце зьнішчэньне старой культуры як такой. Ён крытыкаваў хунвэйбінаў за тое, што яны паводзяць сябе… «занадта цывілізавана».

Цікава, што, выкрываючы рэвізіянізім, на чым была пабудаваная ўся кампанія «культурнай рэвалюцыі», Мао насамрэч ня быў марксістам. Ён не вывучаў працаў Маркса і Энгельса. У юнацтве Мао шчыра напісаў у адным з артыкулаў, што яго зусім не цікавіць уклад у гісторыю альбо будучыня Кітаю. Яго заўсёды цікавіў толькі ён сам і ягоны страўнік. А мільёнам кітайцаў адводзілася роля быдла. Ім давалася права галадаць і ахвяраваць сваімі жыцьцямі дзеля пабудовы камунізму пад ягоным правадырствам.

На загад Мао была зьнішчаная пераважная колькасьць храмаў у краіне (у тым ліку каталіцкіх), а таксама ўнікальных гістарычных помнікаў — у прыватнасьці, разрабаваная сядзіба вялікага філёзафа старажытнасьці Канфуцыя, якая служыла аб’ектам пакланеньня ў народзе. Амаль ва ўсіх гарадах, за выключэньнем сталіцы, былі зьнішчаныя гарадзкія брамы, многія зь якіх ўяўлялі сабой шэдэўры сярэднявечнай архітэктуры.

Плошча Цяньанмэнь (плошча Нябеснага спакою) у Пэкіне стала выкарыстоўвацца выключна як месца пакланеньня Мао. Дзеля гэтага без таго вялікі пляц быў пашыраны, многія старадаўнія помнікі зьнесеныя, а ўваход ў сярэднявечны «забаронены горад» праз браму Нябеснага спакою зачынены для простага народу. Затое плошча заўсёды блішчала амаль стэрыльнай чысьцінёй.

Дарэчы, у барацьбе з антысанітарыяй і за гігіену пры Мао зьнішчылі былі амаль усіх сабак і вераб’ёў (але не пацукоў!) А вось грамадзкія прыбіральні як былі бруднымі на пачатку яго праўленьня, такімі й заставаліся.

На месцы зруйнаваных помнікаў архітэктуры будаваліся прымітыўныя каробкі з шэрага бэтону. У самых маляўнічых і запаведных мясьцінах краіны як грыбы расьлі шматлікія рэзыдэнцыі Мао з высокімі сьценамі і глыбокімі бамбасховішчамі. Часам будаўнікам даводзілася зносіць якую‑небудзь гару, каб яна не замінала гаспадару любавацца панарамай краявіду.

Ля стырна дыпляматыі

Не сакрэт, што савецкая Расея ад самага пачатку свайго існаваньня, ад 1920‑х, імкнулася ўцягнуць Кітай у сфэру свайго ўплыву і пасьлядоўна дапамагала грашыма ды зброяй кітайскім камуністам. Фактычна, Масква дапамагла Мао прыйсьці да ўлады.

З другога боку, савецкая дыпляматыя заўсёды была вельмі своеасаблівай. Нездарма міністра замежных справаў СССР Андрэя Грамыку называлі на Захадзе «Містэр Не».

Але ж Мао Цзэдун і ў сфэры «дыпляматыі» пераўзыйшоў сваіх савецкіх настаўнікаў.

Ён рабіў усё магчымае, каб выцягваць з СССР як мага больш грошай, узбраеньняў, сакрэтаў ядравай тэхналёгіі (што дазволіла КНР ужо на пачатку 1960‑ гадоў правесьці выпрабаваньні атамнай, а потым і вадароднай бомбаў). Аднак, калі ён палічыў, што дамогся ад Масквы ўсяго, чаго хацеў, дык парваў кантакты зь ёй, каб абмежаваць магчымы падкоп пад сваю асабістую ўладу з боку паплечнікаў у КПК. А яшчэ — каб выставіць сябе адзінаасобным лідэрам камуністычнага руху ва ўсім сьвеце.

Цікавы эпізод адбыўся ў 1969 годзе, калі Мао паспрабаваў «даць навуку» паўночнаму суседу на высьпе Чжэньбао (Даманскі) на памежнай рацэ Ўсуры. У выніку ўзброенага канфлікту на савецка‑кітайскай мяжы тады загінулі каля 60 савецкіх вайскоўцаў і амаль 800 кітайскіх. Дыпляматычныя адносіны паміж Пэкінам і Масквой на той час ужо былі разарваныя. Праз тыдзень пасьля згаданых падзеяў у Пэкіне раптам запрацавала «гарачая лінія». Тагачасны старшыня савецкага Саўміну Аляксей Касыгін прасіў выйсьці на сувязь Мао Цзэдуна або прэм’ера Чжоў Эньлая. Апэратар адмовіўся злучыць Пэкін з Масквой, а пасьля чацьвертага запар запыту адказаў, што ня можа прыняць выклік ад «праклятага рэвізіяніста Касыгіна».

І толькі пасьля таго як на кітайскай мяжы былі заўважаныя перасоўваньні савецкіх войскаў, Мао заявіў, што ён «гатовы весьці дыпляматычныя размовы».

Цікава, што ўжо раней, у той час, калі Хрушчоў выконваў усе жаданьні Мао Цзэдуна — ад паставак збожжа й нафты аж да балістычных ракетаў і атамных падлодак — у Кітаі публічна кляймілі кіраўніка СССР як рэвізіяніста ды ворага кітайскага народу. Мао выстаўляў сябе галоўным праціўнікам сусьветнага імпэрыялізму і шантажаваў Савецкі Саюз пагрозай атамнай вайны з ЗША, цынічна вымагаючы ўсё большай дапамогі з боку паўночнага суседа. Пры гэтым яшчэ й займаўся рээкспартам сыравіны й збожжа, якога тады востра не хапала ў СССР і КНР, у іншыя краіны!

Мэтад крытыкі й шантажу, выглядае, працуе і ў нашыя дні. Напрыклад — ва ўзаемадачыненьнях паміж Менскам і Масквой.

На старасьці гадоў Мао, які кляўся ў нянавісьці да амэрыканскіх імпэрыялістаў, з радасьцю прымаў у сябе ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта ЗША Ніксана і тагачаснага памочніка ў нацыянальнай бясьпецы Гэнры Кісынджэра. Ад іх кіраўнік КПК атрымаў максымум таго, што хацеў. КНР ня толькі ўсталявала дыпляматычныя зносіны з Штатамі, але заняла месца ў ААН замест Тайваню. Магчыма, востраў яшчэ чакае наперадзе лёс Тыбэту…

Асаблівую асалоду Мао дастаўляў зьдзек з амэрыканскіх гасьцей, якіх маглі паклікаць на сустрэчу з гаспадаром без папярэджаньня ў любы час дня ці нават уначы, а потым частаваць далікатэсамі. Ніксан і Кісынджэр захапляліся мудрасьцю Мао і ягонай агромністай бібліятэкай. ны ня ведалі, што добрая палова тых кніг была нарабаваная падчас культурнай рэвалюцыі.

«Дакладна як пры Гітлеры»

Мао вельмі любіў плаваць, часам рабіў нават публічныя заплывы па рацэ Янцзы. Пры ім шмат было збудавана па ўсёй краіне басэйнаў, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці. Але будаваліся яны толькі для аднаго чалавека — на той выпадак, калі правадыру раптам захочацца паплаваць. Прычым вада ў басэйнах павінная была заўсёды заставацца цёплай, таму на падаграваньне яе круглы год ішло дэфіцытнае паліва.

Пры гэтым Мао чамусьці не любіў мыцца і чысьціць зубы. Ён любіў, калі яго абціралі мяккім ручніком наложніцы, якіх у яго заўсёды было шмат. Іх выбіраў ён сам сярод тэатральных артыстак. (Мао любіў традыцыйныя тэатральныя пастаноўкі, хоць пераважная большасьць тэатраў былі афіцыйна забароненыя падчас «культурнай рэвалюцыі», вытворчасьць жа кінафільмаў амаль спынілася.)

У яго жыцьці былі чатыры жонкі, якія нарадзілі яму двух сыноў і дзьвюх дачок. Адзін з сыноў Мао загінуў на карэйскай вайне, другі быў псыхічна хворы.

Апошнюю сваю жонку, гістэрычную Цзян Цын, якая фактычна кіравала «культурнай рэвалюцыяй», Мао зьненавідзеў. Ён жыў асобна ад яе, нават забараняў пускаць да сябе ў дом. Так што Цзян Цын мусіла падлашчвацца да мужа празь ягоных каханак. А перад сьмерцю Мао фактычна здаў яе ў рукі апазыцыі, не пакінуўшы палітычнага запавету.

Яшчэ горш ён абышоўся са сваім бліжэйшым паплечнікам, прэм’ер‑міністрам Чжоў Эньлаем, якому доўгі час забараняў лекавацца ад раку. Каб той, крый божа, не памёр пазьней за яго. Аднак сьмерць Чжоў не прынесла Мао задавальненьня. На пахаваньне былога кіраўніка ўраду ў Пэкін стыхійна прыйшлі мільёны людзей, якія памылкова лічылі, быццам ён абараняў іх. Такая несанкцыянаваная пашана прывяла Мао ў ярасьць.

Самае жахлівае, што Мао ахвяраваў жыцьцямі дзясяткаў мільёнаў кітайцаў з адзінай мэтай — паўзьдзейнічаць на сваіх рэальных альбо ўяўных спаборнікаў у палацавых інтрыгах. Так, адной з сапраўдных мэтаў «культурнай рэвалюцыі» для яго была помста папулярнаму старшыню Ўсекітайскага народнага сходу Лю Шаоцы, які асьмельваўся выступаць супраць галоўнага кіраўніка партыі. Лю і ягоную жонку Ван Гуанмэй пасьля арышту на загад Мао доўга катавалі маральна й фізычна, перш чым забіць. Але Ван Гуанмэй не адраклася ад свайго мужа, чаго дамагаўся Мао.

Вялікі стырнавы ў сваіх злачынствах пайшоў значна далей за Сталіна. Сталінскае НКВД зьнішчала людзей ў засьценках і лягерах, таемна ад грамадзтва. Мао ператварыў усю краіну ў вялікую турму — прычым, у літаральным сэнсе. Турмамі сталі дзяржаўныя ўстановы, дзе былыя саслужыўцы рабіліся добраахвотнымі турэмшчыкамі для сваіх былых калегаў. Яны катавалі й забівалі вязьняў, часам сваіх жа сяброў і сваякоў, патрабуючы ад іх «пакаяньня», а потым спакойна вярталіся на свае працоўныя месцы.

Але нават у нечалавечых умовах былі тыя, хто засталіся людзьмі. Напрыклад, студэнтка Ван Жунфэнь, якая вывучала нямецкую мову. Ёй было 19 гадоў, калі яна патрапіла на мітынг на плошчы Цяньанмэнь у жніўні 1966 году, дзе сотні тысяч хунвэйбінаў славілі вялікага правадыра. Яна вырашыла, што гэта «дакладна як пры Гітлеры» і напісала Мао ліст, дзе задавала пытаньні: «Што вы робіце? Куды ведзяце Кітай?» Яна заявіла аб сваім выхадзе з Камуністычнага саюзу моладзі. Пасьля гэтага Ван напісала ліст па‑нямецку, паклала яго ў кішэню, выпіла некалькі бутэлечак зь інсэктыцыдам і пайшла да савецкага пасольства. Яна спадзявалася, што яе там падбяруць, і тады пратэст стане вядомы на ўвесь сьвет. Але апрытомнела дзяўчына ў турэмным шпіталі. Ёй далі пажыцьцёвае зьняволеньне. Некалькі месяцаў яе рукі былі скаваныя за сьпінай, нават калі яе кармілі. Але Ван Жунфэнь не зламалі. Яна выйшла на волю пасьля сьмерці Мао.

Усяго праз 15 гадоў пасьля пачатку «культурнай рэвалюцыі» на плошчу Цяньанмэнь выйшлі тысячы студэнтаў, якія ўсталявалі там намётавае мястэчка, патрабуючы дэмкратызацыі Кітаю. Яны кінулі выклік бязьлітаснай партыйна‑дзяржаўнай машыне, пабудаванай Мао, і дзяржава іх зьнішчыла. Кінакадры з самотнай постацьцю студэнта, які стаіць на плошчы перад танкам, не даючы яму ехаць, лічацца адным з галоўных сымбаляў ХХ стагодзьдзя. Выглядае, што ён застаецца актуальным і ў ХХI‑м.

P.S. На завяршэньне яшчэ некалькі словаў. Асобныя супадзеньні самі па сабе яшчэ ні пра што не гавораць. Можна знайсьці мільён адрозьненьняў. Але аднолькавая непавага да чалавечых жыцьцяў, тым больш, да жыцьця асобнага чалавека. Прычым, ня толькі з боку ўладароў да сваіх падданых, але зь іх боку — да сваіх суайчыньнікаў ці супляменьнікаў. Гэта характэрна ня толькі для таталітарнага грамадзтва, але для азіяцкіх дэспатыяў. Былы памочнік прэзыдэнта Пуціна ў эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў прыводзіць такі прыклад. Тысячу гадоў таму Багдад, Дамаск, Каір, іншыя гарады арабскага ўсходу зьзялі сваёй раскошай. Гэта былі тады самыя багатыя гарады ў сьвеце. Тым часам Эўропа была барбарскай, жабрацкай і адсталай. Але ў 1215 годзе ангельскія бароны прымусілі свайго караля Яна Безьзямельнага падпісаць Карту вольнасьцяў, паводе якой ніводнага чалавека няможна арыштаваць, канфіскаваць ягоную маёмасьць, а тым больш, зьнішчыць яго без суду. Гэтая карта патрэбная была баронам, каб абараніць сябе. Але прынцып правапарадку паступова распаўсюдзіўся на ўсіх людзей. На ім трымаецца заходняя цывілізацыя. А бліскучыя імпэрыі Ўсходу, заснаваныя на тыраніі, прыйшлі ў заняпад. І ня трэба сябе суцяшаць тым, што Беларусь геаграфічна належыць да Эўропы. Пакуль у краіне застаюцца палітзвязьні, яна ня можа лічыць сябе ні эўрапейскай, ні проста цывілізаванай. У нас няма, у адрозьненьне ад Кітаю, ні людзкіх, ні вялікіх эканамічных рэсурсаў. Мы ня можам чакаць яшчэ тысячу гадоў, калі хочам заставацца на мапе Эўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?