Валютныя паступленні Беларусі ў студзені—кастрычніку склалі 27,66 млрд. долараў ЗША і знізіліся на 9 млрд. долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Валютныя паступленні Беларусі ў студзені—кастрычніку скараціліся на 24,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Зніжэнне валютнай выручкі Беларусі абумоўленае падзеннем паступленняў ад экспарту тавараў. За студзень—кастрычнік выручка ад экспарту тавараў склала 22 млрд. долараў і скарацілася на 7,6 млрд. долараў, ці на 25,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Валютныя паступленні ад экспарту паслуг у студзені—кастрычніку склаліся на ўзроўні 5 млрд. долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 900 млн. долараў, ці на 15,3%. 

Значнае скарачэнне экспартнай выручкі Беларусі эканамісты тлумачаць зніжэннем попыту ў Расіі на тавары беларускай вытворчасці. 

Паводле звестак за студзень—кастрычнік, валютныя паступленні Беларусі з Расіі склалі 10,6 млрд. долараў і скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,6 млрд. долараў, ці на 30,1%. 

Валютная выручка ад унутранага гандлю за валюту склала ў студзені—кастрычніку 114,9 млн. долараў і знізілася больш як у чатыры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Рэзкае скарачэнне паступленняў ад унутранага гандлю за валюту беларускія эканамісты тлумачаць палітыкай Нацбанка па дэдаларызацыі эканомікі. Нагадаем, вясной гэтага года рэгулятар забараніў выкарыстанне разлікаў у замежнай валюце за турыстычныя і страхавыя паслугі. Адначасова з гэтым была ўведзеная забарона на разлікі за паліва на аўтазаправачных станцыях у СКВ. 

Як паведамлялася раней, у верасні Нацбанк прыняў новыя меры па дэдаларызацыі разлікаў. Паводле пастановы № 515, якая набыла моц 16 верасня, было забаронена выкарыстоўваць замежную валюту пры ажыццяўленні разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі — рэзідэнтамі з удзелам рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон і пры ажыццяўленні разлікаў па асобных відах дагавораў страхавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?