Расійскія студэнты, якія вучацца ў Турцыі па абмене, будуць вернутыя ў Расію, паведаміла прэс-служба расійскага міністэрства адукацыі. У ведамстве ўдакладнілі, што студэнтаў адправяць дадому ў «максімальна кароткія тэрміны».
Паводле дадзеных міністэрства, у Турцыі цяпер знаходзіцца менш за 100 расійскіх студэнтаў.
Напярэдадні стала вядома, што ўлады накіравалі расійскім універсітэтам ліст аб неабходнасці спыніць супрацоўніцтва з турэцкімі навучальнымі ўстановамі. У ім таксама паведамлялася пра адмену ўжо запланаваных паездак выкладчыкаў і студэнтаў у Турцыю.
У міністэрстве ўдакладнілі, што большая частка з 44 ВНУ, у якіх ёсць праграмы абмену з турэцкімі універсітэтамі, ужо апавясцілі сваіх партнёраў аб скасаванні альбо прыпыненні дамоваў аб супрацоўніцтве.
Паводле дадзеных міністэрства, цяпер у расійскіх універсітэтах навучаецца больш за тысячу грамадзян Турцыі. Яны змогуць працягнуць навучанне, і ніякіх абмежаванняў у дачыненні да іх прымацца не будзе.
«Мы далі ўказанне ўсім ВНУ, каб максімальна зберагчы іх ад магчымых правакацый, у прынцыпе, яны [правакацыі] не выключаныя», — заяўляў кіраўнік ведамства Дзмітрый Ліванаў.