Пра гэта паведаміў сёння ў час брыфінгу «Надвор'е зімы 2015/16» начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

«2015 год у нас, як і ва ўсім паўночным паўшар'і, стаў самым цёплым за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. І тут улічваецца і снежань, які ў бягучым годзе таксама чакаецца анамальна цёплым», — адзначыў ён.

Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, тэндэнцыя росту сярэдняй тэмпературы паветра ў Беларусі сведчыць аб тым, што клімат у нас змяняецца. «Зіма 2014-2015 гадоў увайшла ў дзясятку самых цёплых зім і заняла шостае месца. Вясна ў бягучым годзе таксама была анамальна цёплай і стала дзясятай у ранжыраваным шэрагу назіранняў», — растлумачыў ён. Спецыяліст адзначыў, што і лета ў 2015 годзе было цёплым і анамальна сухім, такія тэмпературы ў гэту пару года ў Беларусі бываюць прыкладна раз у 10 гадоў. Восень таксама дэманстравала анамальна высокія тэмпературы.

«Калі глядзець па небяспечных з'явах, то можна адзначыць, што гэты год быў даволі спакойным. Ніякіх моцных ураганаў або іншых катаклізмаў у нас не было. Вядома, можна выдзеліць некалькі прыкладаў: у Сянно ў чэрвені выпаў град 29 мм, у Жыткавічах прайшоў у ліпені вельмі моцны лівень, калі за 30 хвілін выпала 34 мм ападкаў, вельмі моцны лівень быў у Магілёве — 57 мм. Акрамя таго, нельга не згадаць надзвычайную пажаранебяспечнасць і высокія тэмпературы гэтым летам», — расказаў Дзмітрый Рабаў.

Эксперт падкрэсліў: нягледзячы на тое, што кліматычныя вынікі года падводзяцца звычайны ў канцы студзеня, цяпер ужо можна сказаць, што гэты год у паўночным паўшар'і стаў самым цёплым у гісторыі метэаназіранняў, зафіксавана самая высокая тэмпература амаль за 120 гадоў.

«Прасочваецца тэндэнцыя да пацяплення клімату. За апошнія 18 гадоў былі зафіксаваны самыя цёплыя 10 гадоў за ўвесь перыяд назірання. У новым дакладзе аб стыхійных бедствах ААН гаворыцца, што прыродныя катаклізмы ў апошнія 10 гадоў адбываліся практычна штодзень — прыкладна ў два разы часцей, чым 20 гадоў таму. У дакладзе, апублікаваным у панядзелак, паведамляецца, што за гэты час 90 працэнтаў катаклізмаў былі звязаны з паводкамі, штормамі, спёкай і іншымі з'явамі надвор'я. Яшчэ 10 працэнтаў прыпадае на долю геафізічных катаклізмаў — землятрусаў і вывяржэнняў вулканаў», — канстатаваў ён.

Дзмітрый Рабаў растлумачыў, што павелічэнне небяспечных прыродных з'яў звязваюць з глабальным пацяпленнем, праблемы якога сталі тэмай абмеркавання на міжнароднай канферэнцыі па змяненні клімату, якая пачалася 29 лістапада ў Парыжы. «Да сярэдзіны гэтага стагоддзя колькасць небяспечных прыродных з'яў, паводле ацэнак экспертаў, можа вырасці ў чатыры разы ў параўнанні з мінулым стагоддзем», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?