Славакія падала сёння ў Еўрапейскі суд юстыцыі ў Люксембургу пазоў у сувязі з рашэннем Рады міністраў унутраных спраў ЕС аб абавязковым размеркаванні паміж дзяржавамі — членамі арганізацыі 120 тысяч мігрантаў з Італіі і Грэцыі.

«Пазоў быў пададзены, — паведаміў журналістам прэм'ер-міністр рэспублікі Роберт Фіца. — Рашэнне аб прыёме бежанцаў павінна прымацца на нацыянальным узроўні. Ціск на асобныя дзяржавы ў гэтым пытанні недапушчальны».

Браціслава, па яго словах, катэгарычна адхіляе прымусовыя механізмы размеркавання бежанцаў у ЕС. Рэспубліка мае намер дапамагаць ім добраахвотна. Так, яна прыме 149 хрысціян з Сірыі, якія падвяргаліся пераследам з боку ісламістаў з-за веравызнання.

Славацкі пазоў быў пададзены на падставе арт. 263 Дамовы аб функцыянаванні Еўрасаюза. Згодна з гэтым артыкулам, любая дзяржава арганізацыі мае права апратэставаць рашэнне ЕС, якое, на яго думку, парушае нацыянальны суверэнітэт.

На сустрэчы кіраўнікоў МУС дзяржаў — членаў ЕС, якая адбылася ў канцы верасня, большасцю галасоў яе ўдзельнікаў было прынята рашэнне аб размеркаванні 120 тысяч мігрантаў. Супраць галасавалі прадстаўнікі Славакіі, Чэхіі, Венгрыі і Румыніі.

Таксама сёння стала вядома, што Еўрасаюз і Турцыя заключылі сакрэтнае пагадненне аб перасяленні з турэцкай тэрыторыі ў краіны ЕС 400-500 тысяч сірыйскіх бежанцаў. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.

«Пытанне аб перасяленні бежанцаў у будучыні будзе вельмі далікатным, паколькі, хоць гэта і можна збольшага захаваць у сакрэце, хтосьці дзесьці, я думаю, у Берліне на гэтым тыдні абвесціць, што 400-500 тысяч сірыйскіх бежанцаў будуць прывезены непасрэдна з Турцыі ў ЕС», — сказаў прэм'ер. Па словах Орбана, план перасялення з Турцыі ў ЕС сірыйскіх бежанцаў абмяркоўваўся на саміце Еўрасаюза па пытаннях міграцыі на Мальце ў лістападзе. Аднак, паводле яго слоў, гэтая ініцыятыва не атрымала дастатковай падтрымкі.

У адказ на міграцыйны крызіс лідары Еўрасаюза з велізарнымі цяжкасцямі здолелі дамовіцца да канца верасня аб размеркаванні на квотнай аснове паміж краінамі супольнасці ў бліжэйшыя два гады 160 тысяч мігрантаў. Аднак застаецца не вырашаным пытанне, што рабіць з астатнімі 770 тысячамі выхадцаў з краін Азіі і Афрыкі, якія ўжо прыбылі ў гэтым годзе ў краіны супольнасці, і з бежанцамі, якія працягваюць прыбываць. Супраць абавязковых квот на іх прыём тады выступіў шэраг краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?