Лясгасы Беларусі гатовыя прадаць да Новага года амаль 269 тысяч ёлак, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Паводле інфармацыі прэс-службы, летась было рэалізавана прыкладна 143 тыс. навагодніх дрэў.
Ёлачныя кірмашы пачнуць працаваць 21 снежня ў Мінску, ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах. Плануецца, што лясгасамі сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам будзе арганізавана каля 700 гандлёвых пунктаў па рэалізацыі навагодніх дрэў. Таксама кожны ахвотны зможа набыць ёлку непасрэдна ў лясніцтве.
Што да цаны, то ў сярэднім дрэва вышынёй да 3 метраў абыдзецца ў 120 тыс. пры куплі ў гандлёвым пункце і каля 90 тыс. — у лясніцтве.
У ведамстве нагадалі, што ў адпаведнасці з правіламі нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання лясгасы нарыхтоўваюць навагоднія дрэвы хвойных парод у межах выдзеленых участкаў ляснога фонду, а менавіта: на спецыяльна створаных плантацыях навагодніх дрэў хвойных парод; пры правядзенні высякання ў лясах з колькасці дрэў, што высякаюцца ў адпаведнасці з лесаводчымі патрабаваннямі; у парадку расчысткі трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадачы, на лесасеках галоўнага карыстання і суцэльнага санітарнага высякання, калі на гэтых лесасеках падрост не падлягае захаванню.
Памеры і якасць навагодніх дрэў хвойных парод павінны адпавядаць устаноўленым для іх патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, адзначылі ў прэс-службе.