У Варшаве адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў тэлеканалу «Белсат» і «Радыё Рацыя», якія вядуць вяшчаньне з тэрыторыі Польшчы.

Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская расказала дзе і ў якіх гарадах былі затрыманьні і ў чыіх кватэрах адбыліся ператрусы.

Паводле сп. Рамашэўскай, усе журналісты, якія сталіся прадметам увагі КДБ, падазраюцца ў справе абразы гонару і годнасьці кіраўніка Рэспублікі Беларусь.

Галоўны абвінавачаны ў гэтай справе — Алесь Мініч, аўтар сатырычных мультфільмаў, адным з герояў якіх выступае пэрсанаж, падобны да Аляксандра Лукашэнкі.

У эфіры «Белсату» сапраўды паказваліся гэтыя мульцікі, але людзі, у чыіх офісах і кватэрах быў зроблены ператрус, ніякага дачыненьня да іх ня мелі.

Сп. Рамашэўская выказала спадзяваньне, што ня толькі польскае МЗС, але і адпаведныя структуры Эўразьвязу зробіць рашучыя захады для спыненьня хвалі рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў у Беларусі.

Дырэктар Радыё Рацыя Віктар Стахвюк распавёў пра сытуацыю з «Рацыяй» — адзін чалавек быў арыштаваны, у шмат якіх асобаў, што супрацоўнічаюць з радыё былі праведзеныя ператрусы.

На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічалі і прадстаўнікі Эўрапейскага радыё для Беларусі.

Сёньня ў Польшчы ў паведамленьнях найважнейшых тэлеканалаў інфармацыя нумар адзін — сёньняшнія падзеі ў Беларусі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0