Незалежныя студэнцкія арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікаюць адміністрацыю БДУ і Мінадукацыі выказаць прыхільнасць акадэмічным свабодам і ўстрымацца ад любых дысцыплінарных пакаранняў студэнтаў-актывістаў.

Заява прынятая Кампаніяй па маніторынгу націску на студэнтаў Student Watch, у якую ўваходзяць «Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў» (установа «ГЕДЕВС»), «Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіравання» (установа «Студэнцкая фабрыка думкі»), Моладзеваая прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» і «Задзiночанне беларускiх студэнтаў». 

У заяве адзначаецца, што 3 снежня адміністрацыя філалагічнага факультэта БДУ выклікала на камісію студэнта філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у Маршы студэнтаў, што адбыўся 2 снежня ў Мінску. 

«Афіцыйная прычына выкліку Глеба — наяўнасць пропускаў, аднак мы разглядаем гэта як націск на студэнта з-за яго ўдзелу ў акцыі пратэсту. Мы, незалежныя студэнцкія арганізацыі, лічым элементам націску дысцыплінарныя спагнанні любога характару «дэ-юрэ» за пропускі заняткаў, але «дэ-факта» — за выказванне студэнтамі ўласнага меркавання і грамадскую актыўнасць у межах універсітэта. Такія дзеянні з'яўляюцца прамым парушэннем асноўных прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і абмежаванняў акадэмічных свабод», — падкрэсліваецца ў заяве. 

Незалежныя студэнцкія арганізацыі маюць намер у межах заяўленага раней маніторынгу збіраць, аналізаваць і публікаваць інфармацыю пра ўсе факты націску на студэнтаў у сувязі з іх грамадзянскай актыўнасцю, удзелам у руху «Студэнты супраць» і іншых парушэннях акадэмічных свабод. 

«Мы вітаем дзеянні адміністрацыі філалагічнага факультэта БДУ, членаў камісіі і ўсю адміністрацыю БДУ, якія ўстрымаліся ад жорсткага дысцыплінарнага пакарання ў дачыненні да студэнта БДУ Глеба Вайкуля. Мы шчыра спадзяёмся, што адміністрацыя БДУ, іншых ВНУ Мінска і Беларусі, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выкажа прыхільнасць акадэмічным свабодам і ўстрымаецца ад любых дысцыплінарных пакаранняў студэнтаў-актывістаў», — гаворыцца ў заяве. 

Днём 2 снежня ў раёне сталічнай плошчы Незалежнасці прайшоў студэнцкі марш «Любоў і справядлівасць», арганізаваны рухам «Студэнты супраць». Сваёй акцыяй студэнты хацелі дамагчыся ад кіраўніцтва БДУ «адмены платных пераздач і адпрацовак», «спынення націску на студэнтаў», «роспуску Асамблеі БДУ і стварэння новага органа студэнцкага самакіравання». 

На наступны дзень студэнт філалагічнага факультэта БДУ Глеб Вайкуль, які ўдзельнічаў у студэнцкім маршы, атрымаў вуснае папярэджанне дэканата за пропускі заняткаў. Такое рашэнне на сваім пасяджэнні прынялі члены нядаўна створанай у ВНУ камісіі па пропусках заняткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?