Грузінскім дэпутатам намерыўся стаць былы мэр Кіева Леанід Чарнавецкі. Створаная ім партыя «Шчаслівая Грузія» будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах у наступным годзе, паведамляе Dw.de.

tsn.ua

tsn.ua

Чарнавецкі, які з 2011 года пражывае ў Грузіі і стварыў палітычную партыю «Шчаслівая Грузія», збіраецца прыняць удзел у парламенцкіх выбарах у гэтай краіне ў 2016 годзе. Ён сказаў, што партыя «Шчаслівая Грузія» будзе падтрымліваць еўрапейскія каштоўнасці і ў выпадку ўваходжання ў парламент — змагацца за павышэнне пенсій у краіне.

«Мяне пытаюць, чаму я стварыў сваю партыю. Ды таму, што ў вядучых партый у Грузіі вельмі слабыя пазіцыі. Дэталёва я пагавару аб гэтым пазней, але зараз скажу, што збіраюся увайсці ў парламент Грузіі», — заявіў ён журналістам у сваім доме ў горадзе Кабулеці ў нядзелю, 6 снежня.

Былы мэр Кіева заявіў, што ён мае намер правесці ўсё сваё жыццё ў Грузіі. «Я не выступаю супраць цяперашняй улады, але парламент буду крытыкаваць. Мне не падабаецца іх праца. Грузія спыненая. Ёсць пэўныя поспехі, але парламент не працуе», — адзначыў Чарнавецкі.

***

Леанід Чарнавецкі займаў пасаду мэра Кіева з 2006 па 2012 гг., запомніўся шэрагам інавацый і выказванняў, за што стаў героем украінскага фальклору. Некаторыя ягоныя прэс-канферэнцыі набіралі па сотні тысяч праглядаў.

Мянушку «Космас» атрымаў за выказванне, што гатовы ляцець у космас разам са сваім катом Яшкам. Кот, дарэчы, натхніў яго на напісанне адной з кнігаў.

Пасля трагічных падзей на Майдане ахвяраваў 10 млн грыўняў сем'ям загінулых: «Выразна ўсведамляю тое, што ніякія грошы не могуць кампенсаваць ім страту родных, блізкіх, любімых, але стаяць у баку не магу!», — сказаў тады Чарнавецкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0