Паўтара года таму Цэнтральная Еўропа апынулася перад страшнай пагрозай. Расія была гатовая заняць увесь поўдзень Украіны, да Адэсы, каб стварыць там «Наваросію», Новую Расію. Гэта цалкам разбурыла б еўрапейскі парадак, што ўстанавіўся пасля 1990 года. Рэалізацыя такога плана не толькі стварыла б смяротную пагрозу незалежнасці Беларусі, але і магла прывесці да спаўзання свету ў невараць Трэцяй сусветнай вайны.

У той сітуацыі свядомыя беларусы лічылі за свой абавязак дапамагчы братам-украінцам усімі магчымымі спосабамі.

Пасля зрыву планаў расійскіх штурмавікоў у Харкаве і Адэсе ў красавіку—маі, усенароднага абрання новага прэзідэнта Украіны, штурму аэрапорта Данецка ў маі і вызвалення Славянска ў ліпені стала ясна, што Наваросію «знутры» стварыць не ўдасца. Аднак Расія працягвала забяспечваць проціпаветранае прыкрыццё «апалцэнцаў» у Данбасе і ўзбройваць іх. Заставаўся яшчэ апакаліптычны варыянт поўнамаштабнай інтэрвенцыі Расіі.

Непадрыхтаванай была тады ўкраінская армія, але, якая б яна ні была, яна абараняла тады не толькі Еўропу, але ўсю Еўропу. Вось у той сітуацыі некаторыя беларускія адпраўляліся ваяваць ва Украіну.

«Ва Украіне мы абараняем Беларусь. Калі Расія пераможа ва Украіне — наступнай будзе Беларусь!» – казалі яны.

Афіцыйная Беларусь тады заняла падкрэслена нейтральную пазіцыю, але, варта нагадаць, ніколі не спыняла пастаўкі жыццёва неабходнай Украіне саляркі.

Праў паўтара года сітуацыя змянілася. Украінская армія з гора з бяды стала больш баяздольнай. Усходні Данбас застаецца акупаваным, але Масква была вымушаная падпісаць кампрамісныя Мінскія пагадненні, дасягнутыя пры спрыянні Аляксандра Лукашэнкі.

Крым застаецца расійскім – але ва ўмовах энергетычнай блакады і нафты па 45 усё гэта ўжо глядзіцца зусім не так, як паўтара года таму.

Гаворкі пра інтэрвенцыю ва Украіну афіцыйныя расійскія СМІ спынілі.

Больш за тое, Расія ўсё больш загрузае ў канфлікце на Блізкім Усходзе. Становіцца рэальнай наземная аперацыя Расіі ў Сірыі. Паўнавартасна ваяваць на некалькі франтоў Расія не зможа. І хоць мінулы зімовы перыяд быў часам актывізацыі дзеянняў расіянаў на ўсходзе Украіны (зямля стала цвёрдай, і таму было лягчэй ажыццяўляць наступ на Дэбальцава), у гэтым годзе такой актыўнай зімы на Данбасе, імаверна, не будзе.

Паўстае пытанне: які сэнс далейшага ўдзелу беларусаў ва ўкраінска-расійскай вайне?

Ваеннага сэнсу ў тым больш няма.

Інфармацыйны сэнс? За паўтара года вайны тэзіс «беларусы салідарныя з Украінай» быў паспяхова данесены да ўкраінцаў.

Набыццё вопыту? Патрыёты Беларусі найменш хочуць, каб такі вопыт беларусам калісьці спатрэбіўся. Не дай Бог!

Пры гэтым трэба памятаць, што частка беларусаў, якія ўзялі ўдзел у вайне на баку Украіны, так і не змогуць у бліжэйшы час вярнуцца на Радзіму. Між тым беларускія патрыёты найбольш патрэбныя Беларусі, а не Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?