Кіраўнік Растурызму Алег Сафонаў даў учора інтэрв'ю «Расійскай газеце». Расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны прыводзіць у сваім блогу некалькі цытат з яго:

«Алег Сафонаў: Інфраструктура не паўстане сама па сабе, яе неабходна развіваць. Ствараць прэферэнцыі для бізнэсу, працаваць над паляпшэннем якасці абслугоўвання турыстаў. Тады ўнутраны турпаток узрасце.

І яшчэ. Мы гаварылі пра тое, што Расія — паўночная краіна, што нашы людзі не могуць без цяпла і мора. Па-першае, па кліматычных умовах Турцыі вельмі блізкі Крым. Гэты паўвостраў можа прымаць у два разы больш адпачывальнікаў, чым цяпер, — да 10 мільёнаў чалавек у год, у тым ліку і за кошт all inclusive.

Па-другое, выдатны прыклад развіцця інфраструктуры гасціннасці, услед за якой турпатокі павялічваюцца ў разы, у тым ліку і ў нізкі, зімовы сезон, — Сочы. На навагоднія канікулы ў Сочы таксама амаль усё распрададзена. Гэта значыць, там, дзе створаная якасная інфраструктура, попыт расце.

Па-трэцяе, неабходнасць пляжу і мора — гэта шмат у чым навязаны стэрэатып апошніх гадоў, які мы ўжо ўспрымаем як уласнае меркаванне. Нашы продкі, нават забяспечаныя, не ездзілі масава на замежныя моры.

РГ: Тады забяспечаныя ездзілі «на воды» у Германію, Францыю.

Алег Сафонаў: Мае продкі «на воды» не ездзілі. Яны былі звычайнымі сялянамі, аралі. Пры гэтым выхавалі нармальных дзяцей і былі здаравейшымі, чым мы цяпер.

У ЗША 80 працэнтаў грамадзян наогул ніколі не выязджалі за мяжу, яны падарожнічаюць унутры сваёй краіны. Пры гэтым амерыканцы ездзяць не толькі на пляжы Маямі. Яны адпачываюць у гарах, ля рэк, наведваюць нацыянальныя паркі. Ні ў ЗША, ні ў Кітаі, ні ў Канадзе, дарэчы, якая па кліматычных умовах блізкая да Расіі, ні ў іншых краінах з вялікай колькасцю насельніцтва няма такога стэрэатыпнага ўспрымання адпачынку як выключна паездка на мора па сістэме «ўсё ўключана» і абавязкова ў Турцыю».

«Можна (цалкам справядліва) аблаяць Сафонава за гэтае трызненне, але наша Любоў Собаль [юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй — НН] зрабіла геніяльную рэч, — піша Навальны. — Яна проста знайшла і апублікавала маёмасную дэкларацыю Сафонава.

У чувака віла на Сейшэлах, а нам ён распавядае пра здаровых сялянскіх дзяцей і пра тое, што паездкі для адпачынку на мора — гэта стэрэатып.

Поўная дэкларацыя з усімі Мерсэдэсамі і Бэнтлі тут».

Сёння, 7 снежня, Сафонаў паспяшаўся расказаць каналу Дождь, што ўжо прадаў сваю нерухомасць на Сейшэлах.

«Калі ж гаворка ідзе пра маю дэкларацыю, то, так, я сапраўды валодаў вілай і домам на Сейшэльскіх астравах. У цяперашні час я іх прадаў, іх у мяне ўжо там няма», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0