У савецкім календары 18 сакавіка значылася як Дзень Парыскай Камуны. На Карыбскім востраве Аруба — гэта сьвята нацыянальнага сьцяга. У 1976 годзе ў гэты дзень Аруба выйшла са складу Нідэрляндзскіх Антылаў.

Меркавалася, што праз дваццаць год выспа стане цалкам незалежнай. Незалежнасьць, аднак, не адбылася. Чаму?

Гісторыя Арубы досыць тыповая. Першымі насельнікамі былі індзейцы аравакі, якіх зьнішчылі гішпанцы. Сыноў Кастыліі зьмянілі галяндцы. Практычныя бюргеры завезьлі сюды чорных нявольнікаў, нашчадкі якіх і складаюць асноўнаю масу сёньняшняга насельніцтва Арубы. Рабства на Арубе адмянілі ў год паўстаньня Кастуся Каліноўскага — 1863‑м.

Гістарычныя пэрыпэтыі знайшлі адлюстраваньне ў мясцовай гаворцы — пап’ямэнта. У якой зьмяшаліся гішпанская, партугальская, галяндзкая і ангельская мовы. На пап’ямэнта выдаюцца газэты, вядзецца выкладаньне ў мясцовым унівэрсытэце.

Спачатку на востраве здабывалі золата. Назва «Аруба» значыць «было золата». Пазьней была знойдзеная нафта, што, здавалася, стварала добрую базу для незалежнасьці.

Напачатку за сувэрэнітэт краіны выступалі практычна ўсе палітычныя партыі. Гэтыя памкненьні былі замацаваныя рашэньнем арубскага парлямэнту ў 1983 годзе. Амстэрдам не пярэчыў.

Але праз два гады галоўны нафтаперапрацоўчы завод краіны зачынілі. Калі ж у 1991 годзе ўрад Арубы адмовіўся ад абвяшчэньня незалежнасьці, завод зноў запрацаваў. Страціўшы сваю самую «вялікую жамчужыну», як пісаў пра яе ў рамане «Амок» Янка Маўр, — Інданэзію, галяндзкая карона не захацела разьвітвацца з «жамчужынай карыбскай» — Арубай. Для гэтага ўжывалі палітыку бізуна і перніка.

Аруба і іншыя Нідэрляндзкія Антылы (Кюрасао, Саба, Сэн‑Мартэн) праз мэтраполію былі асацыяваныя з Эўрасаюзам і ў той жа час займелі права гандлёвых зносін з суседзямі.

Прыхільнікі незалежна¬сьці, аднак, не здаюцца. Свае надзеі яны ўскладаюць на супрацьстаяньне ЗША і Вэнэсуэлы. Нідэрлянды праводзяць спрыяльную палітыку ў дачыненьні да Чавэса. Цікавасьць Вашынгтону да Арубы — даўняя, яшчэ падчас Другой усясьветнай вайны ЗША прапаноўвалі Галяндыі купіць яе ўладаньні на Карыбах.

Вацлаў Шаблінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0