«Найлепшым ігравым фільмам» у Нацыянальным конкурсе мінскага фестывалю «Лістапад» стала стужка «Беларускі псіхапат» 21-гадовага Мікіты Лаўрэцкага. Выкладчык матэматыкі ў Ліцэі БДУ, аўтар з тузіну кароткаметражных фільмаў і аднаго «поўнага метра», Мікіта працуе ў жанры «мамблкор».

Мамблкор — ад англійскага слова mumble — «мармытанне» — гэта жанр незалежнага кіно, для якога ўласцівыя нізкі бюджэт, удзел акцёраў-аматараў, а таксама факусаванне на натуральнасці дыялогаў. Да гэтага кірунку адносяць рэжысёраў Эндру Буджальскі, Лін Шэлтан, Марка і Джэя Дупласаў, Арона Каца, Джо Сванберга і Ры Русо-Янга. Дый, у пэўнай ступені, апошні фільм Джафара Панахі, майстра іранскага кінематографа — «Таксі». Ён зняты на мабільную камеру, устаноўленую ў машыне. Карціна стала ўладальніцай галоўнай узнагароды Берлінскага кінафестывалю гэтага года — «Залаты мядзведзь» і атрымала прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI).

Кіно беларуса Лаўрэцкага валодае такімі якасцямі, як свежасць, сучаснасць і стыль. Аўтару ўдаецца выйсці за межы «самавыражэння 20-гадовых». Ёсць тут не толькі наватарскае выкарыстанне гаджэтаў, але і своеасаблівая «манернасць» і стрыманасць стылю, і незашоранае рэжысёрскае мысленне. Гэта кіно, якое нараджаецца з асабістых комплексаў і разваг, уласных кінагустаў, атачэння, практыкі. 

Між тым Мікіта — не прафесійны кіношнік, а выпускнік БДУ па спецыяльнасці прыкладная матэматыка і інфарматыка. 

Мікіта Лаўрэцкі нарадзіўся ў 1994 у Мінску. Бацькі — інжынеры. Вучыўся ў Ліцэі БДУ, пасля — у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Аўтар дванаццаці кароткаметражных фільмаў і аднаго поўнага метра. Пераможца фестываляў Cinema Perpetuum Mobile (карціна «Дзень народзінаў у Мінску» — намінацыя «Найлепшы беларускі фільм») і ММК «Лістапад» (карціна «Беларускі псіхапат» — узнагарода «Найлепшы ігравы фільм» у Нацыянальным конкурсе). Асабісты статус — ёсць дзяўчына.

Вось што Мікіта Лаўрэцкі адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

Мамблкор — гэта свядомы выбар?

«Гэта не выбар, гэта такі стан рэчаў, што вымушаны здымаць без грошай. Я тут не адзін такі. І ў Амерыцы такі выбар робяць. Джо Сванберг, браты Дупласы рабілі такога кшталту кіно. На Філіпінах — Лав Дыяс. Гэтыя кінематаграфісты і даказалі, што ў лічбавую эпоху можна здымаць мінімалістычнымі сродкамі. Дыяс неаднаразова быў адзначаны на Венецыянскім кінафестывалі, Джо Сванберг, Марк і Джэй Дуплас працуюць на Галівуд.

А Джафара Панахі «Таксі»? »Так. Панахі — адзін з маіх любімых рэжысёраў. «Таксі» зняты мабільнай камерай, усталяванай у машыне. Там ёсць і здымкі фотаапаратам — калі здымае па сюжэце пляменніца Панахі. Карціна ўскрывае праблемы іранскага грамадства. Але карціна, пры ўсёй яе складанасці, зроблена з дапамогай вельмі даступных сродкаў».

«Догма-95», здымкі ручной камерай Ларса фон Трыера і яго аднадумцаў?

«Так, гэта тэма мяне хвалюе. Я таксама імкнуся гэтую іранічную дыстанцыю паміж гледачом і персанажамі карціны скараціць. Адзін з метадаў — акурат і ёсць прымяненне паўсядзённых, прымітыўных тэхнік. Іншы прыём — здымаць так крута, чыста і прыгожа, што за лік гэтай «празрыстай» аператарскай працы іранічная дыстанцыя знікае. Звычайна я выкарыстоўваю злучэнне гэтых двух метадаў: калі здымаю агульным планам — маю на ўвазе гэты «чысты» варыянт, а калі больш сярэдні, блізкі план — скарыстоўваю «брудную» выяву.

Напрыклад, камера ў чорна-белым рэгістры ў «Беларускім псіхапаце» — гэта такі боскі, вонкавы погляд, а каляровыя кадры — такая жывая і паўсядзённая выява, якая датычыцца непасрэдна жыцця персанажа».

Кадр з «Беларускага псіхапата».

Кадр з «Беларускага псіхапата».

Што для вас кіно?

«Праз кіно я імкнуся стварыць штосьці прыгожае. Іншай мэты і няма. Ствараць кіно само па сабе крута».

 

Пітэр Грынуэй сказаў, што пасля ўзнікнення дыстанцыйнага пульта тэлебачання, а тым больш, Інтэрнета, кіно сканала, становіцца чымсьці іншым у ХХІ стагодзі.

«Я не згодны, што кіно сканала. Адзін кадр змяняе другі. Гук запісваецца. Змяніўся фармат плёнкі, але «лічба» — лепшая па якасці і выдатна захоўваецца. Аніякіх кардынальных змен. Так, я выкарыстоўваю інтэрфейсы сацыяльнай сеткі «Вконтакте», відэазапісы з Youtube… Але многія рэжысёры гэта рабілі. Возьмем той жа фільм Марціна Скарсэзэ «Шалёны бык». Увесь фільм чорна-белы, але там ёсць сцэна, калі на плёнцы 8 міліметраў бачым у колеры вяселле галоўнага героя. Такі самы прыём, лічы, ёсць у маім «Беларускім псіхапаце», калі галоўны герой паказвае дзяўчатам каляровыя фатаграфіі, а ўсё астатняе дзеянне — у чорна-белым рэгістры. Той жа «Зеліг» Вудзі Алена — там рэжысёр працуе з хронікай. Калі параўнаць мае фільмы з тымі ж карцінамі Грыфіта, розніца будзе вялікая. Калі параўнаць з сучаснымі стужкамі, тымі рэжысёрамі, да каго я падобны, адрозненні невялікія. Кіно мяняецца, але не памірае з прыходам лічбавых тэхналогій».

Кадр з «Паэзіі».

Кадр з «Паэзіі».

У Беларусі незалежны кінематограф часта лічыцца сінонімам аматарскага, несур’ёзнага, няякаснага кіно… Ці справядліва гэта параўнанне, на вашу думку?

«Мне падаецца, што сёння ўвогуле размежаванне на аматарскае і прафесійнае кіно не актуальнае. Калі гледачу цікава глядзець фільм, і ён атрымлівае ад яго прагляду задавальненне — значыць, кіно адбылося. На жаль, сёння ў Беларусі няма адмысловых праграм малых грантаў для кінематаграфістаў. А ў конкурсе кінапраектаў, які зараз ёсць, чамусьці амаль ва ўсіх намінацыях выйграюць праекты кінастудыі «Беларусьфільм». Таму і не дзіва, што многія маладыя рэжысёры абіраюць шлях здымаць кіно сваімі сіламі. Як могуць.

У маім выпадку фінансавы бок — мінімальны. Эксплуатую сваіх сяброў, запрашаючы ў акцёры. Выкарыстоўваю сваю кватэру, лецішча як здымачныя пляцоўкі. Нядаўна вось ўдалося набыць камеру прыстойную, карцінка цяпер будзе лепшай.

Кадр з «Паэзіі».

Кадр з «Паэзіі».

Я бы не сказаў, што гэты шлях такі просты. Акцёры кідаюць мяне пастаянна — штосьці няма ў маіх сяброў амбіцый стаць вялікімі артыстамі. Да прыкладу, «Амерыкан бой» я спачатку здымаў з адным хлопцам, але ў выніку прыйшлося здымацца самому. «Паэзію» зрабіў з трэцяй спробы: шукаў акцёраў праз Інтэрнет, спачатку знаёмцы пагаджаліся, але потым кідалі справу. Няма часу, кажуць, і іх можна зразумець, бо аніякіх ганарараў за працу не прапаноўваю. Марокі шмат. Плюс да ўсяго, я рэжысёр такі дэспатычны, усё — на вынік».

Кадр з «Амерыкан бой»

Кадр з «Амерыкан бой»

Ці ёсць рэпетыцыі перад здымкамі?

«Так. У «Беларускім псіхапаце» былі рэпетыцыі. «Амерыкан бой» — такое санлівае адчуванне ад дыялогаў узнікае, так і задумвалася. У гэтым фільме і дыялогі — дубліраваныя; я трымаў у галаве фільмы Сакурава ў плане гуку, такая атмасфера часу перад світанкам…

У чым магія кіно?

«Магія кіно ў тым, што на экране — праўда. У тым ці іншым сэнсе. Мы ўсе разумеем, што гэта ўсё — усяго толькі набор вобразаў, але… Адчуванне праўды — вось тое, што робіць кіно прыцягальным. Шляхі яе дасягнення — розныя. Хтосьці здымае такія дэманстратыўныя, меладраматычныя, нават фальшывыя фільмы — і дасягае гэтай праўды такім шляхам. Мне, да прыкладу, інтуітыўна падабаецца «lo-fi» — нізкая якасць выявы».

Чым вас прываблівае гэтая «нізкая якасць»?

«Проста ў гэтым ёсць нешта прыцягальнае, калі ты ўглядаешся ў недасканалую абалонку і бачыш у ёй штосьці прыгожае».

Кадр з «Амерыкан бой».

Кадр з «Амерыкан бой».

Калі вам прапануюць прыстойны бюджэт для вашага новага кіно, яно зменіцца?

«Штосьці зменіцца, але не галоўнае. У цэлым, калі ў мяне з’явіліся б сродкі, я пастараўся бы больш дакладна выразіць свае бачанне. Але… зноў-такі на аснове майго эстэтычнага компаса. Хацелася б больш эксперыментаваць, бо энергаёмістыя тэхнікі ўсё ж вымушаюць мяне «трымацца ў руках», паўтарацца».

* * *

10 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прайшоў паказ фільмаў Мікіты Лаўрэцкага і сустрэча з рэжысёрам.

А сёння, 17 снежня, у «Перамозе» будзе паказ стужак-пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Лістапада».

Таксама да 26 снежня ў Музеі гісторыі беларускага кіно можна паглядзець фільмы-лаўрэаты і дыпламанты Нацыянальнага конкурсу «Лістапада», а гэтаксама карціны-прызёры міжнародных фестываляў за аўтарствам беларускіх рэжысёраў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?