Шатландскія інжынеры распрацавалі відэакамеру, здольную глядзець за вугал і адсочваць перамяшчэнні схаванага ад яе аб'екта з дакладнасцю да некалькіх сантыметраў.

Навукоўцы не першы раз настройваюць камеры на тое, каб «зазіраць за вугал». Аднак цяпер існуючыя метады патрабуюць нямала часу для выяўлення цэлі — праз што паляванне за аб'ектамі, якія рухаюцца, і адсочванне іх перамяшчэння ў рэальным часе застаецца нявырашанай задачай, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на часопіс Nature Photonics.

Новая сістэма, спраектаваная Жэнеўевай Гарапі, Даніэле Фача і іх калегамі з Універсітэта Херыята-Уата, складаецца з двух элементаў: лазера і камеры на аднафатонных лавінавых дыёдах, якая адрозніваецца высокай адчувальнасцю і хуткім спрацоўваннем. Інжынеры «стрэлілі» патокам кароткіх лазерных імпульсаў у бок падлогі, проста перад вуглом. Падлога рассеяла гэтыя імпульсы, якія ў выніку «ўдарылі» па схаваным за вуглом аб'екце — ляльцы з пенапласту вышынёй у 30 сантыметраў.

Імпульсы адбіліся ад аб'екта і патрапілі ў поле агляду камеры. Па часе пралёта светлавых імпульсаў і рассейванні святла сістэма стварае сабе ўяўленне пра месцазнаходжанне схаванага аб'екта. Апарат дазваляе адсочваць перамяшчэнне апошняга з інтэрвалам усяго ў тры секунды, на адлегласці да метра. У далейшым інжынеры плануюць навучыць сістэму рэканструяваць трохмерную форму схаваных аб'ектаў.

Спатрэбіцца новы апарат у сістэмах відэаназірання і для папярэджання сутыкненняў транспартных сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0