МЗС Расіі заявіў, што турэцкія ўлады затрымалі, а пасля выслалі з краіны журналістаў расійскага дзяржаўнага тэлеканала «Расія 1».

Як гаворыцца ў каментары ведамства, члены здымачнай групы праграмы «Спецыяльны карэспандэнт» былі затрыманыя 7 снежня ў памежнай з Сірыяй правінцыі Хатай на паўднёвым усходзе Турцыі, калі накіроўваліся ў суседнюю правінцыю Газіянтэп.

«Затрымалі невядомыя асобы, апранутыя ў цывільнае, якія на законнае патрабаванне журналістаў адмовіліся назваць свае імёны і прад'явіць дакументы. Расійскую здымачную групу прывезлі ў паліцэйскі ўчастак, дзе паведамілі пра рашэнне дэпартаваць іх з Турцыі на падставе, як было заяўлена, «парушэння правілаў дзейнасці замежных журналістаў у Турэцкай Рэспубліцы «, — заявілі ў расійскім МЗС.

У паведамленні на сайце vesti.ru гаворыцца, што Анкара адмовілася даць тлумачэнні таго, што адбылося, супрацоўнікам расійскага пасольства. Падрабязнасці затрымання тэлеканал абяцае распавесці ў вячэрнім выпуску праграмы «Весці» ў аўторак.

Турэцкі бок пакуль не каментуе інцыдэнт.

3 снежня турэцкія ўлады ўвялі новыя правілы допуску расійскіх журналістаў да працы на тэрыторыі краіны. Цяпер усе работнікі расійскіх СМІ, якія накіроўваюцца ў Турцыю, будуць абавязаныя афармляць дазвол і акрэдытацыю.

Ці былі выкананыя гэтыя патрабаванні здымачнай групай «Расіі 1», МЗС Расіі і сам тэлеканал не ўдакладняюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?