Міжнародны валютны фонд скасаваў забарону на фінансавую падтрымку краін, якія не пагасілі свае дзяржаўныя даўгі.

Змяненне правілаў крэдытавання, прынятае на пасяджэнні рады дырэктараў фонду, дазваляе выдзяляць дадатковыя крэдыты нават у тым выпадку, калі краіна яшчэ не расплацілася з афіцыйнымі крэдыторамі.

«На сённяшняй сустрэчы выканаўчая рада МВФ пагадзілася змяніць палітыку «нецярпімасці суверэннай запазычанасці», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік МВФ Джэры Райс.

Рашэнне МВФ, у прыватнасці, дазволіць Украіне, якая мае запазычанасць перад Расіяй на суму 3 млрд даляраў, атрымаць дадатковы крэдыт на рэалізацыю сваёй антыкрызіснай праграмы.

Расія, паводле дадзеных ТАСС, выступіла супраць гэтага рашэння Рады дырэктараў фонду. Аднак галасы ў Радзе дырэктараў фонду залежаць ад квот. Найбольшая колькасць галасоў належыць найбуйнейшым акцыянерам фонду — ЗША і краінам Захаду.

Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуан назваў рашэнне МВФ паспешлівым і прадузятым. Паводле яго слоў, якія прыводзіць ТАСС, рашэнне МВФ было «прынята ва ўрон Расіі і ў мэтах легалізацыі магчымасці Кіева не плаціць па сваіх даўгах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?