Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РАУС горада Мінска затрымалі 77-гадовую жыхарку сталіцы за напад на паштарку, паведаміла прэс-афіцэр Савецкага РУУС Аляксандра Папова.

Надзеўшы парык і ўзброіўшыся драўлянай палкай, пенсіянерка стаілася ў куце лесвічнай пляцоўкі на першым паверсе свайго пад'езда. Затым яна напала на паштарку, якая збіралася сыходзіць пасля таго, як разнесла пенсію. Пажылая мінчанка хаатычна наносіла ўдары палкай, паваліла супрацоўніцу пошты на зямлю, аднак жанчына змагла выбегчы на вуліцу. Яна спрабавала зачыніць за сабой дзверы, але нападніца паспела выставіць нагу. Калі пенсіянерка пачула, што паштарка тэлефануе па мабільным тэлефоне ў міліцыю, пабегла ў кватэру, у дзвярах застаўся заціснуты яе красовак. Прыбегшы дадому, жанчына выкінула ў акно парык, палку і другі красовак.

У РУУС растлумачылі, што нападніца прызналася ў сваёй любові да крымінальных серыялаў. Напярэдадні ў адным з іх бабуля ўбачыла, як герой пры дапамозе палкі адным ударам па галаве пазбаўляе прытомнасці чалавека. Пасля гэтага яна вырашыла праверыць, ці зможа зваліць з ног чалавека адным ударам.

У дачыненні да пенсіянеркі распачатая крымінальная справа па ч.3 арт.339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса Беларусі. У паштаркі — няцяжкія ўдары і ранкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?