Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў заявіў, што 25 сакавіка падчас правядзеньня вулічнай акцыі да 90‑годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР была затрыманая жанчына «касір апазыцыі».

Па зьвестках галоўнага міліцыянта краіны ў жанчыны з сабой было 8 мільёнаў беларускіх рублёў, раскладзеных па сто тысяч.

«Мы перакананыя, што гэтыя грошы павінны былі пайсьці для ўдзельнікаў сутычак з міліцыяй», — заявіў У.Навумаў.

Таксама было высьветлена, што жанчына зьяўляецца сябрам адной з апазыцыйных партый.

Намесьнікі старшыняў Партыі БНФ і БСДП Віктар Івашкевіч і Анатоль Сідарэвіч заяўляюць, што нічога ня чулі пра падобныя затрыманьні сярод сяброў іхных структур.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць такія заявы Навумава сьмешнымі:

«Калі спадар міністар зможа даказаць, што гэта былі грошы апазыцыі, то мы згодныя, каб на гэтыя сродкі ён патраціў на сваё мэдычнае абсьледаваньне. Падобныя абсурдныя заявы гучаць ужо 14 гадоў, але ніхто ні разу не даказаў гэтага. А ведаеце чаму? Бо ніколі не было, каб апазыцыя за ўдзел у акцыі раздавала нейкія грошы. Гэта ўзровень дохлых пацукоў падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі», — кажа А.Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?