Міністар унутраных справаў: «Калі журналісты ўдзельнічаюць у несанкцыянаванай акцыі і аказваюць супраціў міліцыі, то яны, як і звычайныя грамадзяне павінны несьці адказнасьць». Калегі карэспандэнтаў, якія былі побач зь Сямёнам Печанко і Андрэем Лянкевічам, сьведчаць пра адваротнае.

***

Я зьяўляюся карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Мне было даручана асьвятляць акцыю 25 сакавіка ў Менску.

Прыкладна а 18.40 я знаходзіўся каля моста празь Сьвіслач па праспэкце Незалежнасьці з боку Дому‑музэю РСДРП. Недалёка ад мяне знаходзіўся карэспандэнт газэты «Наша Ніва» Сямён Печанко. Ён фатаграфаваў групу дэманстрантаў. У яго на вопратцы было прымацаванае пасьведчаньне журналіста.

Ніякіх лёзунгаў ён не выкрыкваў. У руках у яго не было ніякіх сьцягоў і не было ніякай сымболікі. Ягоныя рукі былі занятыя фотаапаратам.

Сяргей Пульша

***

Я 25 сакавіка 2008 году на заданьне рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок», супрацоўнікам якой зьяўляюся, рыхтаваў рэпартаж пра сьвяткаваньне Дня Волі. Гэтае мерапрыемства асьвятлялі мноства беларускіх і замежных карэспандэнтаў. Сярод іх быў і журналіст «Нашай Нівы» Сямён Печанко, якога я добра ведаю ўжо некалькі гадоў. Ён меў пры сабе пасьведчаньне, прымацаванае да курткі. І як іншыя, рабіў сваю працу: фатаграфаваў, назіраў, размаўляў зь людзьмі. Лёзунгаў і заклікаў не выкрыкваў, сьцягоў і транспарантаў пры сабе ня меў. Ведаю яго як чалавека спакойнага, нават флегматычнага. І таму не ўяўляю зь ягонага боку якіх бы ні было агрэсіўных дзеяньняў.

Генадзь Барбарыч

Кадры жорсткага затрыманьня Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0