Аляксандр Лукашэнка другі дзень знаходзіцца ў Ашхабадзе. Учора ён меў сустрэчу з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, а сёння ён наведаў мемарыяльны комплекс «Народная памяць».
Аднак пікантнасць гэтаму візіту дадае той факт, што сёння ў Туркменістан таксама прыедзе прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, пра гэта паведамляе ягоны афіцыйны сайт. Цалкам магчыма, што ў Ашхабадзе адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Турцыі. Бо Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Ашхабадзе да 12 снежня.
Сустрэча можа адбыцца на фоне антытурэцкай кампаніі, што праходзіць у расійскіх СМІ і на вышэйшым дзяржаўным узроўні, пасля таго, як Турцыя збіла расійскі знішчальнік Су-24 на мяжы з Сірыяй.
Расія ўвяла супраць Турцыі санкцыі. Ад 1 студзеня 2016 года ў Расіі забаронена прымаць на працу грамадзян Турцыі, таксама ўведзена эмбарга на продаж садавіны і гародніны. А пасольства Турцыі ў Маскве закідалі камянямі і фарбамі.
У такіх умовах сустрэча Лукашэнкі і Эрдагана сапраўды павінны ўспрымацца як вельмі нечаканы жэст.