Набліжаюцца калядныя і навагоднія святы, якія для многіх з нас стануць часам цудоўных падарункаў. Акурат да іх рэдакцыя Arche прымеркавала самы вялікі распродаж часопісаў і кніжак, знізіўшы максімальна на іх цэны.

Усяго на распродаж выстаўляюцца 40 выданняў (18 нумароў Arche і 22 кнігі) на самую разнастайную, але перадусім гістарычную тэматыку.

Пра ўмовы распродажу можна даведацца на сайце часопіса Arche.

Выданні, якія выстаўляюцца на распродаж:

№ 5/2011 («Полацак: падарожжа ў прасторы і часе»: агульны аб’ём 412 старонак)

Тэматычна гэты нумар з'яўляецца працягам №4 «АRCHE» за 2009 год «Спіс полацкіх невядомасцяў». У нумар уключаныя шматлікія матэрыялы па гісторыі і культуры найстаражытнейшага беларускага горада, сярод аўтараў — Уладзімір Арлоў, Алег Латышонак, Алесь Краўцэвіч, Васіль Варонін, Сяргей Тарасаў, Віктар Жыбуль і інш.

Цана — 35 000 рублёў.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

№ 11/2011 («Беларускі гуманітарны агляд»; агульны аб’ём 504 старонкі)

У нумары друкуюцца разнастайныя пра гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку даследаванні «Вялікае Княства Літоўскае ў параўнальнай гістарычнай сацыялогіі імперыяў», «Да праблемы цывілізацыйнага характару Вялікага Княства Літоўскага», «Эпанімічная версія паходжання назвы Літва ў святле беларускіх рэфлексаў індаеўрапейскага блізнечага міту». Публікуецца нарыс Таццяны Вароніч «Прастытуцыя ў гарадах Беларусі: другая палова XIX — пачатак XX стст.»

Цана — 40 000 рублёў.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

№ 4/2012 («Гуманітарны агляд-ІІ»; агульны аб’ём 308 старонак)

Мноства рэцэнзій і кніжных аглядаў па гісторыі, літаратуры, этналогіі, мовазнаўстве, мастацтве, кнігазнаўстве і іншых галінах гуманітарыстыкі. Сярод аўтараў нумара — Генадзь Семянчук, Пётра Садоўскі, Іна Соркіна, Аляксей Каўка і іншыя.Тэмы нумару – «Гістарычная палітыка на постсавецкай прасторы», «Рэсаветызацыя гістарычнай памяці», «Антраполагі і бальшавіцкая версія мадэрнасці»

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 18000 рублёў.

№ 5/2012 («Гуманітарны агляд-ІІІ»; агульны аб’ём 283 старонкі)

Мноства рэцэнзій і кніжных аглядаў па гісторыі, літаратуры, этналогіі, мовазнаўстве, мастацтве, кнігазнаўстве і іншых галінах гуманітарыстыкі. Сярод аўтараў нумара — Алесь Смалянчук, Аляксандр Пашкевіч, Дзмітрый Віцько. Друкуюцца агляды Аляксандра Казакова «Паляванне на «Аршанскі міф»», «Грунтоўная гісторыя Рэчы Паспалітай» Любові Козік, «Другая сусветная вайна і новая гістарычная навука Скандынавіі» Андрэя Катлярчука, «Крыжовыя паходы на Балтыку і іх месца ў папскай палітыцы» Алега Латышонка, «Бацька Беларускага Адраджэньня і яго ідэйная спадчына. «Трылёгія» Антона Луцкевіча і яе месца ў беларускай гуманістыцы» Андрэя Ўнучака.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 18000 рублёў.

№6/2012 («Вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага»; агульны аб’ём 494 старонкі)

Адзін з самых папулярных нумароў «ARCHE», які з увагі на вялікі попыт выйшаў нават другім накладам.

У нумары прадстаўленыя даследаванні аўтараў з Беларусі (Мікола Волкаў, Віталь Каляда, Віктар Якубаў, Кірыл Карлюк, Наталля Сліж,), Польшчы (Анджэй Гжэгаж Пшэпюрка, Конрад Бабятынскі, Кшыштаф Касажэцкі, Пётр Кроль, Томаш Цясельскі, Марыюш Савіцкі, Анджэй Адам Маеўскі), Літвы (Валдас Ракуціс, Антанас Ціла, Раймонда Рагаўскене) і Расіі (Ірына Герасімава). У публікацыях асвятляюцца пытанні гісторыі асобных вайсковых адзінак і гарнізонаў, вайсковага заканадаўства ВКЛ, уплыву войнаў і вайскоўцаў на палітычныя і культурныя працэсы ў краіне. Шмат месца надаецца апісанню асобных бітваў, а таксама жыццяпісам найбольш выдатных тагачасных палкаводцаў. Упершыню ў гэтым нумары былі змешчаныя матэрыялы рэканструкцыі знешняга выгляду ваяроў ВКЛ XVII ст.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 55000 рублёў.

№ 4/2013 («Беларусь у цяні Палесся»; агульны аб’ём 640 старонак)

Нумар цалкам прысвечаны гісторыі і культуры Беларускага Палесся ў ХІХ—ХХІ стст. На яго старонках апублікаваныя матэрыялы па агульнай гісторыі рэгіёна і гісторыі асобных мясцовасцяў, біяграфічныя, этналагічныя і дэмаграфічныя даследаванні, успаміны. Назвы публікацый: «Нацыянальныя працэсы ў Палескім ваяводстве ў 1920-я гг. праз прызму вынікаў выбарчых кампаній у польскі парламент», «Рэчыцкі хранограф канца XVIII— пачатку ХХ ст.», «Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету», «Шані, вёска Пружанскага павета. Эканамічнае і сацыяльнае даследаванне».

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 65 000 рублёў.

№ 3/2014 («Віцебскія гісторыі»; агульны аб’ём 384 старонкі)

Гэты нумар цалкам прысвечаны Віцебску і яго тысячагадовай гісторыі. Як пішуць у прадмове яго ўкладальнікі, «Віцебск гістарычна мае памежны статус. За тысячагадовую гісторыю толькі два стагоддзі каля яго не прабягала мяжа. Увесь астатні час віцьбічы — на франціры, што наклікала на горад бедствы ад захопаў і акупацый. Тэма знішчэння, рамонту, аднаўлення і занядбання замкаў пастаянна падымалася жыхарамі Віцебска ў яго сярэднявечнай і раннемадэрнай гісторыі».

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 50 000 рублёў.

 №6/2014 («Магнатэрыя Вялікага Княства Літоўскага»; агульны аб'ём 385 старонак)

У нумары асвятляюцца пытанні як зараджэння магнацкага стану ў ВКЛ, так і ягонага далейшага развіцця ды заняпаду. Артыкулы прысвечаныя як асобным яскравым постацям, так і гісторыі цэлых магнацкіх родаў, іх уладанняў ды спецыфічных інстытутаў, з імі звязаных. У нумары друкуюцца працы беларускіх (Ніна Скеп’ян, Наталля Сліж, Дзмітрый Віцько, Настасся Скеп’ян), літоўскіх (Рымвідас Пятраўскас, Гянуце Кіркене, Відас Далінскас, Рамуне Шмігельскіце-Стукене, Раймонда Рагаўскене) і польскіх (Томаш Кэмпа, Анджэй Адам Маеўскі, Адам Данільчык, Кшыштаф Касажэцкі, Марыюш Савіцкі, Аляксандра Зёбер).

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 45000 рублёў.

№9/2014 («Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагодзьдзе». Частка 1. Мова і нацыя; агульны аб'ём 430 старонак)

Нумар з’яўляецца лагічным працягам тоўстага № 7 часопіса за 2009 год «Гістарыяграфія 1920-х: Сярэднявечча і раннемадэрны час». Гэтым разам да ўвагі аматараў і знаўцаў беларускае гісторыі прапануецца панарама гістарыяграфіі 1920-х гадоў, прысвечаная наступнаму, асобнаму перыяду мадэрнай эпохі — нашаму «доўгаму ХІХ стагоддзю». Гэты том плануецца выдаць у дзвюх частках, гэту нумар – першая з іх. Сярод аўтараў нумара: Аляксандр Шлюбскі, Леў Цвяткоў, Міхайла Піятуховіч, Уладзімір Пічэта, Даніла Васілеўскі, Міхаіл Мялешка, Ізраіль Сосіс, Г. Перлін, Саламон Кацэнбоген, Рыгор Рак, Янка Ляўчук.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

№10/2014 («Радзіма»; агульны аб'ём 476старонак)

У гэтым нумары сабраныя матэрыялы, якія так ці інакш рэфлексуюць над тэмай роднага дому ці прынамсі нейкім бокам датыкаюцца яе. Сярод аўтараў нумару — Рабэрта Баланьё, Сяргей Балахонаў, Таня Скарынкіна, Мікалай Халезін, Амас Оз,Эфраім Севела, Дзмітрый Гурневіч і інш.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

№11/2014 («Гарадзенскі міленіум»; агульны аб'ём 396 старонак)

Асноўнай тэмай дадзенага нумара «ARCHE» стала Гародня як цэнтр прыцягнення. Геаграфічнае становішча дало магчымасць гораду быць важным адміністрацыйным цэнтрам на працягу стагоддзяў. Адпаведна Гародня паўплывала на рэгіён, стала месцам гістарычных падзей, істотных не толькі для Гарадзеншчыны, але і для краіны. Артыкулы нумара ахопліваюць перыяд ад Сярэднявечча да сучаснасці, дадаючы ў агульную скарбонку новыя веды па гісторыі Гародні і Гарадзеншчыны ў сферы палітыкі, архітэктуры, культуры, эканомікі і інш. Сярод аўтараў нумара — Алег Ліцкевіч, Наталля Сліж, Вячаслаў Швед, Андрэй Кіштымаў, Андрэй Вашкевіч, Таццяна Касатая і іншыя беларускія, польскія і расійскія даследчыкі.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

№12/2014 («Бітва пад Оршай: месца памяці і канфлікт інтэрпрэтацый»; агульны аб'ём 754 старонак)

Нумар уяўляе сабой публікацыю больш чым на 750 старонак з 68 старонкамі каляровага друку, якая прэзентуе самы грунтоўны на сёння набор навуковых ведаў на беларускай мове аб перадгісторыі Аршанскай бітвы, а таксама пра абставіны і хаду самой сечы, яе вынікі і значэнне для гісторыі Беларусі і Еўропы. У нумары – больш за два дзясяткі тэкстаў гісторыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Сярод аўтараў нумара – Генадзь Сагановіч, Кшыштаф Квяткоўскі, Гедымінас Лясмайціс, Уладзімір Канановіч, Конрад Бабятынскі, Стывэн Роўэл, Віктар Якубаў і інш.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 55000 рублёў.

№1-2/2015 (Дэн Браўн. »Код да Вінчы»; агульны аб'ём420 старонак)

У нумары друкуецца поўны пераклад на беларускую мову культавага раману Дэна Браўна «Код да Вінчы» і іншыя артыкулы.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 35000 рублёў.

№3/2015 («Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагодзьдзе». Частка 2. Паўстаньні і рэвалюцыі; агульны аб'ём 732 старонкі)

Нумар з’яўляецца лагічным працягам тоўстага № 7 часопіса за 2009 год «Гістарыяграфія 1920-х: Сярэднявечча і раннемадэрны час» і № 9 за 2014 год «Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIXстагодзьдзе»: мова і нацыя».

У нумары друкуецца вялікая кніга (300 старонак) Усевалада Ігнатоўскага «1863 год на Беларусі. Нарыс падзей», якая ніколі не перадрукоўвалася пасля першапублікацыі. Таксама ў нумары: двухсотстаронкавае даследаванне Сяргея Цытовіча «1863 год у Горы-Горках быўшай Магілёўскай губэрні. (Падзеі паўстаньня)», «Сынхраністычная табліца падзей паўстаньня на Беларусі, Літве i Польшчы ў 1830—1831 гг.» Лявона Бабровіча і Івана Шпілеўскага, «Кастусь Каліноўскі (к 60-годзьдзю яго сьмерці). Біяграфічна-гістарычны нарыс» Івана Цьвікевіча і інш.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 50000 рублёў.

№4/2015 («Нераўнапраўнае партнёрства: дзяржава і грамадзянская супольнасць пры кансалідаваным аўтарытарызме»; агульны аб'ём 318 старонкі)

У нумары асвятляюцца розныя вымеры грамадзянскай актыўнасці, у тым ліку культурная дзейнасць, барацьба за гендэрную (ня)роўнасць, палітычная салідарнасць, мясцовае самакіраванне, грамадзянская адукацыя, адносіны паміж рэлігійнымі групамі, маладзёвыя субкультуры, «зялёны» рух, а таксама працэс (дэ)кансалідацыі і (дэ)палітызацыі грамадзянскага сектара. Таксама раскрываюцца розныя разуменні грамадзянскай супольнасці ў беларускіх СМІ, а таксама практыкі падмены грамадзянскай супольнасці недзяржаўнымі арганізацыямі, арганізаванымі дзяржавай. Друкуюцца даследаванні штодзённага жыцця трэцяга сектара і спецыфікі аказання ім сацыяльных паслуг.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 30000 рублёў.

№5/2015 («Польшча ў Другой сусветнай вайне»; агульны аб'ём 408 старонкі)

Нумар «ARCHE», які прапануецца ўвазе чытачоў, ахоплівае сваім зместам асноўныя вехі з гісторыі польскага ўзброенага чыну падчас Другой сусветнай вайны.

Чытач знойдзе ў ім артыкулы, прысвечаныя чыста вайсковай праблематыцы (гісторыя стварэння і баявога шляху паасобных вайсковых фармаванняў), а таксама даследаванні, якія тычацца ваенна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. Мяркуем, што беларускаму чытачу будзе цікава пазнаёміцца з гісторыяй як рэгулярных вайсковых фармаванняў, якія дзейнічалі на розных франтах вайны, так і з гісторыяй незалежніцкага партызанскага руху. Так, артыкул даследчыка з Гданьска Яцэка Тэбінкі прысвечаны тэме Польшчы і польскіх вайсковых фармаванняў у якасці суб’екта міжнароднай палітыкі падчас Другой сусветнай вайны. Трагічныя падзеі верасня 1939 г. і іх наступствы з’яўляюцца прадметам даследчыцкай увагі варшаўскіх прафесараў Войцеха Матэрскага і Юліюша Тыма. У сваю чаргу, удзелу польскіх войсках на заходніх франтах вайны тычацца працы Януша Зузяка з Варшавы, Томаша Гаёўніка з Ольштына, Паўла Яворскага з Уроцлава, Яна Шкудлінскага з Гданьска. Гісторыя стварэння і дзейнасці польскіх вайсковых фармаваннях на ўсходнім фронце аналізуецца варшаўскімі даследчыкамі Чэславам Гжэлякам і Збігневым Пальскім, а таксама гісторыкам з Лодзі Альбінам Главацкім. Праблематыцы польскага незалежніцкага падпольнага і партызанскага руху прысвечаныя артыкулы Анджэя Хмеляжа з Варшавы, а таксама даследчыкаў з Гродна Станіслава Сільвановіча, Віталя Барабаша і Анджэя Пачобута.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

№ 6/2015 («Князі Радзівілы; агульны аб'ём 302 старонкі)

Гэты нумар закліканы садзейнічаць пашырэнню ведаў беларускага чытача пра славуты магнацкі род. Дзеля гэтага ў нумары сабраныя артыкулы вядомых гісторыкаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, якія займаюцца даследваннем роду Радзівілаў.Пералічым назвы некаторых артыкулаў, апублікаваных у нумары: «Закладанне родавых традыцый на прыкладзе Мікалая Мікалаевіча Радзівіла», «Каралева і яе брат: адносіны Барбары Радзівіл з Мікалаем Радзівілам Рудым», «Крыштаф Радзівіл Пярун — першы сенатар Вялікага Княства Літоўскага», «Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка і Берасцейская унія», «На службе караля і Рэчы Паспалітай: удзел літоўскага крайчага Жыгімонта Караля Радзівіла ў Смаленскай вайне 1632—1634 гг.».

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

№ 7-8/2015 («Артур Голдэн «Мемуары гейшы»; агульны аб'ём 414 старонкі)

Аснову нумара складае пераклад на беларускую мову культавага рамана Артура Голдэна «Мемуары гейшы». У нумары таксама друкуюцца ўспаміны ўраджэнца Гродна Рыгора Хасіда «Пра Гродна, жыцьцё гарадзенскіх габрэяў да вайны, пра адносіны з польскім насельніцтвам, прычыны вітання мясцовым габрэйствам прыходу Чырвонай арміі ў 1939-м і аб тым, што прынесла габрэям савецкая ўлада» і гутарка з Барысам Кітом пад назвай «Я ёсць доктар матэматычных навукаў», якую запісаў нямецкі гісторык Фелікс Акерман напярэдадні 105-годдзя знанага беларуска-амерыканскага навукоўца.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

Цана — 40000 рублёў.

У рамках распродажы можна замовіць таксама кнігі:

Антон Адамовіч. «Да гісторыі беларускае літаратуры» (агульны аб’ём 1464 старонак)

Выданне знаёміць чытача з малавядомымі старонкамі гісторыі беларускай літаратуры, асабліва праз творы эміграцыйнага перыяду, калі напоўніцу раскрыўся крытычны талент аўтара. Усяго ў зборнік уключаныя 48 даследаванняў. Сярол іх: «Максім Гарэцкі (Спроба монографіі аб творчасьці)» (179 ст.), «Якуб Колас у супраціве саветызацыі»(64 ст.), «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917—1957)» (289 ст.), «Так пяяў Салавей. Мэмуарна–камэнтатыўныя ды крытычна–тлумачальныя нататкі пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя» (179 ст.)

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 75 000 рублёў.

Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах (агульны аб’ём 1665 старонак)

Амаль што поўны збор твораў вядомага міжваеннага беларускага літаратуразнаўцы быў прызнаны лепшым кніжным выданьнем 2011 года паводле версіі газеты «Наша Ніва». Многія матэрыялы на старонках кнігі друкуюцца ўпершыню дзякуючы таму, што ў складаных варунках сталінскага тэрору 1930-х гг., ахвярай якога сярод многіх іншых стаў і Адам Бабарэка, ягонай сям’і ўдалося цудам захаваць рукапісны архіў пісьменніка і навукоўца (сітуацыя ў выпадку з рэпрэсаванымі беларускімі літаратарамі амаль унікальная).

Поўны змест выданняў даступны ТУТ і ТУТ.

Цана — 100 000 рублёў (за два тамы).

Конрад Бабятынскі. «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.)» (агульны аб’ём 168 старонак)

Кніга прысвечаная гісторыі ваеннага канфлікту, у выніку якога ўвосень 1655 г. амаль усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага разам з ягонай сталіцай Вільняй занялі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча. Гэта быў першы этап вялікай вайны, якая працягвалася ў 1654—1667 гг. і завяршылася толькі Андрусаўскім замірэннем 31 студзеня 1667 г.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 50000 рублёў.

Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні (агульны аб’ём 470 старонак)

Аснову досыць аб’ёмнай (пад 500 старонак) публікацыі складае даследаванне эстонскага гісторыка Юрася Юркевіча «Стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі», прысвечанае спробам стварэння беларускіх вайсковых фарміраванняў у Балтыі цягам 1919 г., а таксама праца «Балахоўцы», напісаная сучаснікам падзей, польскім афіцэрам Станіславам Лісам-Блонскім у 1920-я гг.

Акрамя гэтага, у кнізе дадаткова змешчаныя некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументальныя сведчанні, датычныя жыцця і дзейнасці Станіслава Булак-Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў, а таксама спіс усіх жаўнераў Асобнага атрада БНР па стане на канец 1919 г.

Выданне ілюстраванае, у тым ліку каляровымі ілюстрацыямі.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Прадмова

Цана — 55000 рублёў

Марк Бартушка. «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг.» (агульны аб’ём 194 старонкі)

У кнізе нямецкага гісторыка даецца агляд дзейнасці розных партызанскіх фармаванняў на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1941—1944 гг. Геаграфічныя межы, якія былі абраныя для гэтай працы, практычна ахопліваюць тэрыторыю сучаснай Беларусі, але пры гэтым разглядаюцца таксама падзеі ў рэгіёне вакол Вільні і на землях, якія ў 1939 г. увайшлі ў склад СССР, аднак пасля 1945 г. былі зноў перададзеныя Польшчы.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 45000 рублёў.

«Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце»

Кніга «Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце», як і вынікае з загалоўка, прысвечана геапалітыцы. Сярод змешчаных у ёй артыкулаў адзначым аналізы Ітана С. Бэргера «Разыходжаньне паміж палітыкай словаў і справаў: непрызнаньне Злучанымі Штатамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 г.», «Апошняя дыктатура ў Эўропе» – гэта Захад сур’ёзна?» Міколы Рабчука, «Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму» Віталя Сіліцкага, «Беларусь паміж «каляровай рэвалюцыяй» і «контррэвалюцыйнай тэхналёгіяй» Эндру Ўілсана, «Рэгіянальныя адрознасьці ў кантэксьце вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 1994, 2001, 2006» Андрэя Казакевіча, «Прастора беларускага палітычнага дыскурсу і яго візуальныя і пэрфарматыўныя элемэнты» Імке Гансэн, «Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя» Рыгора Ёфэ, «Мой рэйтынг эўрапейскіх нацыяў на пачатку XXIстагодзьдзя» Алега Латышонка, «Ці ёсьць у Беларусі беларусы?» Дэвіда Р. Марплза, «Паміж лукашызмам і нацыяналізмам» Пятра Рудкоўскага.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 18000 рублёў.

Алег Латышонак. «Жаўнеры БНР» (агульны аб’ём 373 старонкі)

Выданне змяшчае творы, у якіх разглядаюцца спробы стварэння беларусамі нацыянальных вайсковых фармаванняў у канцы 1910-х — пачатку 1920-х гг. Асноўную яго частку складае пераклад на беларускую мову фундаментальнай працы «Беларускія вайсковыя фармаванні: 1917—1923 гады», рэшту — комплекс артыкулаў пра жыццё і дзейнасць генерала Станіслава Булак-Балаховіча і пра асобныя старонкі ўзброенага змагання беларусаў за ўласную дзяржаву.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 50000 рублёў.

Ян Станкевіч. «За родную мову й праўдзівы назоў» (агульны аб’ём 742 старонкі)

Гэтая кніга з’яўляецца лагічным працягам дзвюх іншых грунтоўных зборнікаў мовазнаўчых і гістарычных прац гэтага аўтара, якія перад гэтым выдаваліся ў нашым выдавецтве: «Язык і языкаведа» і «Крыўя-Беларусь у мінуласьці». Новае выданне паводле зместу з папярэднімі не перасякаецца, яно змяшчае тыя працы Я. Станкевіча, якія ў 1910—1970-я гг. друкаваліся на старонках беларускага перыядычнага і неперыядычнага друку як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 55 000 рублёў.

Адам Станкевіч. «З Богам да Беларусі» (агульны аб’ём 1097 старонак)

У выданне ўключаныя асноўныя працы гэтага рэлігійнага і нацыянальнага дзеяча на гістарычна-культурную тэматыку, па гісторыі хрысціянства і хрысціянскага руху ў Беларусі, рэлігійнага і палітычнага характару, а таксама каляндарныя запісы, якія рабіліся А. Станкевічам з канца 1930-х гг. да сярэдзіны 1948 г. — унікальнае, цудам захаванае сведчанне пра лёсавызначальны для Беларусі і беларусаў час. Пералічым назвы некаторых апублікаваных працаў: «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня», «Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасьці Беларусі», «Беларускі хрысьціянскі рух», «Родная мова ў сьвятынях».

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 99 000 рублёў.

Аляксандр Краўцэвіч. «Краіна пагранічча» (агульны аб’ём 519 старонак)

У кнігу ўвайшлі выбраныя навукова–папулярныя, эсэістычныя і публіцыстычныя працы, напісаныя аўтарам на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў. Некаторыя з іх друкуюцца ў зборніку ўпершыню.

Паводле аўтара:

Край, які сёння называецца Беларусь, спрадвеку быў і застаецца краінай мяжы. Беларускае памежжа — з’ява шматпланаваяі ўніверсальная. Яна пачынаецца ўжо ад самой прыроды. ТэрыторыяБеларусі — памежная раслінная зона, д зе гэтак званая еўрапейскаятайга (сасновыя бары і яловыя гушчары) паступова пераходзіцьу ліставы еўрапейскі лес. Мяжа водапад зелу паміж балтыйскайі чарнаморскай воднымі сістэмамі перасякае ўсю краіну вялікай дугой ад паўднёвага захаду да паўночнага ўсходу.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 60000 рублёў.

Алег Латышонак, Яўген Мірановіч. «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст.» (агульны аб’ём 368 старонак)

У абагульняльнай працы беластоцкіх гісторыкаў беларускага паходжання разглядаюцца асноўныя моманты гісторыі Беларусі апошніх двух з паловай стагоддзяў. Аўтары, нягледзячы на сваё польскае грамадзянства, адстойваюць перш за ўсё беларускі, а не польскі пункт гледжання на гістарычныя падзеі, але, паводле ўласнай дэкларацыі, без празмернага шанавання беларускіх гістарычных міфаў.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 50000 рублёў.

«Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час» (агульны аб’ём 903 старонкі)

Выданне ўтрымлівае тэксты практычна ўсіх вядомых на сённяшні дзень беларуска-літоўскіх летапісаў.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана —60000 рублёў.

Сяргій Плахій. «Рускі Вавілон: Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі» (агульны аб’ём 300 старонак)

У кнізе прафесара Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША) украінскага паходжання робіцца спроба адказаць на пытанне, якое займала шматлікіх летапісцаў і гісторыкаў на працягу многіх стагоддзяў: «Адкуль пайшла Руская зямля?». Пры гэтым гаворка ідзе тут не столькі пра зямлю ў сённяшнім разуменні тэрміну, колькі пра народ ды нацыю, а адказ на пытанне фармуецца праз рэканструкцыю раннемадэрных ідэнтычнасцяў нашых продкаў і папярэднікаў. Даследаванне дамадэрных усходнеславянскіх ідэнтычнасцяў мае на ўвазе вывучэнне працэсу развіцця цэлага шэрагу ідэнтычнасцяў, якія ў розны час стаялі за паняццем «Русь».

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 50 000 рублёў.

Алесь Белы. «Хроніка Белай Русі» (агульны аб’ём 470 старонак)

Гэтая кніга — істотна перапрацаванае і дапоўненае перавыданне манаграфіі гэтага ж аўтара, выдадзенай у 2000 г. і прысвечанай гісторыі ўзнікнення хароніма «Белая Русь» ды яго паступовага дастасавання да тэрыторыі сённяшняй Рэспублікі Беларусь. У 2001 г. першае выданне кнігі было ўганаравана заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам прэміяй імя Францішка Багушэвіча. Кніга багата ілюстраваная, у тым ліку і шматлікімі (усяго каля 50 штук) каляровымі ілюстрацымі.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 70 000 рублёў.

Ян Шумскі. «Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі» (агульны аб’ём 326 старонак)

У кнізе паказаныя перамены, якія адбываліся ў 1944—1953 гг. у жыцці і свядомасці жыхароў заходніх абласцей БССР, якія перад Першай сусветнай вайной уваходзілі ў склад Польшчы. На старонках выдання прадстаўлена даследаванне нацыянальнага, кадравага, культурна-асветніцкага і прапагандысцка-інфармацыйнага аспектаў працэсу саветызацыі на акрэсленых тэрыторыях.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 50000 рублёў.

Рымвідас Пятраўскас. «Літоўская знаць у канцы XIV— пачатку XV стагоддзя» (агульны аб’ём 386 старонкі)

Гэтая праца літоўскага гісторыка — спроба сінтэзу персанальнай і сацыяльнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. З аднаго боку, аўтар імкнецца вызначыць паходжанне літоўскай знаці і паказаць яе генеалагічнае развіццё, а з іншага боку спрабуе раскрыць структурны пералом унутры згаданай знаці, які адбыўся ў XVст. Абедзве асноўныя праблемы разглядаюцца з улікам досведу еўрапейскай гістарыяграфіі.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 55000 рублёў.

Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў. Расійска-беларускі слоўнік (агульны аб’ём 704старонкі, цвёрдая вокладка)

Кніга ўяўляе з сябе перавыданне найлепшага і найпаўнейшага расійска-беларускага слоўніка міжваеннага часу, першае выданне якога выйшла ў 1928 годзе. Слоўнік уключае больш за 60 тысяч слоў і быў створаны паводле выбаркі лексікі са «Словаря белорусского наречия» І. Насовіча, «Смоленского областного словаря» У. Дабравольскага, «Беларуска-польска-рускага слоўніка» Я. Ціхінскага, «Віцебскага краёвага слоўніка», «Практычнага вайсковага слоўніка», рукапісных слоўнікаў П. Шпілеўскага і С. Мядзьведзкага, а таксама з выбраных літаратурных твораў і народнай мовы. Аўтары імкнуліся ўхіляцца ад штучных наватвораў: перавагу аддавалі словам, якія існуюць у народнай і літаратурнай мове.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 80000 рублёў.

Максім Макараў. Месцкія ўлады Полацка (1580—1772 гг.): арганізацыя, персанальны склад (агульны аб’ём 198 старонак)

У кнізе разгледжаны арганізацыя, дзейнасць і персанальны склад месцкіх уладаў магдэбургскага Полацка ў канцы XVI— трэцяй чвэрці XVIIIстст.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 80000 рублёў

Віктар Цемушаў. На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.) (агульны аб’ём 464 старонкі, цвёрдая вокладка)

Кніга ўяўляе з сябе тэматычны збор прац вядомага беларускага гісторыка, спецыяліста па гістарычнай геаграфіі, картографа Віктара Цемушава. Асобныя раздзелы кнігі ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі дазваляюць прасачыць трансфармацыю ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага на працягу XIV— першай паловы XVIст. Вызначанне літоўска-маскоўскай мяжы разглядаецца на фоне развіцця адносін дзвюх найбуйнейшых дзяржаў Усходняй Еўропы: ад першых тэрытарыяльных кантактаў і канфліктаў другой паловы XIVст. да ўсталявання трывалай мяжы і памежных войнаў XV— першай трэці XVI ст. Асобны раздзел прысвечаны лёсу Гомейскай воласці, якая на працягу доўгага часу займала памежнае становішча паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім. У дадатку змешчаны працы аўтара па праблемах гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і рэгіянальнай гісторыі, звязаныя з агульнай тэмай. Значную каштоўнасць кнізе надаюць гістарычныя карты, шэраг з якіх надрукаваныя ўпершыню.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 90000 рублёў

Наталля Сліж. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIІ стст. (агульны аб’ём 670 старонак)

Кніга прысвечана шлюбным і пазашлюбным адносінам шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIІ стст. Разгледжана ўнармаванне інстытута шлюбу ў заканадаўстве. Надаецца ўвага выкананню заканадаўчых нормаў у судовай практыцы і прыватна-прававых дакументах. Асобна прадстаўлена выпасажэнне шляхцянак і наданне ім вена. Даследаваны ўплыў праваслаўя, уніяцтва, каталіцызму і пратэстантызму на шлюбныя стасункі шляхты. Рэканструяваны шляхецкі абрад вяселля. Прадстаўленыя асаблівасці скасавання шлюбу ў свецкіх і духоўных судах. Кніга суправаджаецца дадаткамі і ілюстрацыямі.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 80000 рублёў

Уладзімір Ляхоўскі. Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.) (агульны аб’ём 480 старонак)

У манаграфіі, напісанай у форме навукова-папулярнага нарыса, разглядаецца грамадска-палітычная і культурна-асветная праца беларускіх маладзёвых суполак і згуртаванняў з другой паловы ХІХ ст. і да пачатку Другой сусветнай вайны ў агульным кантэксце развіцця нацыянальна-вызваленчага руху і станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У кнізе робіцца спроба адлюстраваць ролю маладзёвага руху ў нацыятворчых працэсах і ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Разлічана на шырокае кола чытачоў.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 55000 рублёў.

Дарота Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці (агульны аб’ём 496 старонак)

У манаграфіі разглядаюцца спробы здабыцця беларусамі ўласнай дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны. Яeаўтар намагалася як мага паўней прадставіць нараджэнне і развіццё беларускай дзяржаўніцкай ідэі, а таксама дзейнасць, якая прывяла да стварэння і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У працы сярод іншага прасочваецца развіццё беларускай дзяржаўніцкай ідэі, утварэнне розных палітычных стратэгій і саюзаў. Храналагічна кніга даведзена да падзення ўрада Антона Луцкевіча ў лютым 1920 г., бо менавіта ў той момант фактычна разваліўся беларускі незалежніцкі лагер, а ўрад БНР страціў здольнасць дзейнічаць.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Цана — 85000 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0