Электрацягнікі польскага фарміравання паміж Гроднам і Беластокам перастануць курсіраваць з 13 снежня. Пра гэта паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на міністэрства інфраструктуры і развіцця сваёй краіны.
Рашэнне звязана з абмежаваным фінансаваннем з бюджэту Польшчы цягнікоў міжнародных напрамкаў на 2016 год.
З-за адмены цягнікоў чыгуначныя зносіны паміж Гроднам і папулярным сярод беларусаў горадам для шопінгу фактычна будуць спыненыя. Цяпер пасажыры змогуць дабрацца туды толькі на асабістым транспарце, аўтобусам або маршрутнымі таксі.
Аднак польскія транспартнікі спадзяюцца ў найбліжэйшай будучыні аднавіць маршруты, бо цягнікі выконваюць «важную сацыяльную ролю».
Зараз на сайце Беларускай чыгункі ўжо адлюстраваны змены ў раскладзе: апошнія рэйсы па маршрутах Гродна — Элк і Гродна — Малкіня адправяцца 12 снежня.