Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас на цырымоніі закрыцця футбольнага сезону «Зорны мяч» падзяліўся меркаваннем пра тое, што ў навінах аб правапарушэннях па-ранейшаму згадваюць, што яны здзейсненыя фанатамі, піша Прессбол.

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

«Мы разам з Сяргеем Сафар'янам [намеснік старшыні БФФ — НН] асабіста сустракаліся з міністрам МУС і, думаю, знайшлі паразуменне па пытанні ўзаемаадносін міліцыі і фанатаў. Апошнія навіны аб правапарушэннях, дзе згадваецца, што яны здзейсненыя фанатамі? Трэба яшчэ раз падняць гэтае пытанне. Але наогул лічу так: не пішуць бо, што краму абрабаваў, скажам, член БРСМ або былы міліцыянт», — сказаў С. Румас.

***

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі 30 лістапада Сяргей Сафар'ян, каментуючы вынікі сустрэчы кіраўніцтва БФФ і МУС, сказаў, што міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч даў даручэнне падначаленым не ўзгадваць прыналежнасць грамадзян да фанацкіх груповак, калі іх правапарушэнні не звязаныя са спартыўнымі мерапрыемствамі.

Згадка ў міліцэйскіх зводках прыналежнасці правапарушальнікаў да фанацкага руху пачасцілася пасля нашумелага інцыдэнту на адборачным матчы футбольнага чэмпіянату Еўропы 2016 паміж зборнымі Беларусі і Македоніі 12 кастрычніка. Тады тры заўзятары былі затрыманыя за шалікі з гістарычным гербам «Пагоня». Міліцыя ж сцвярджала, што фанаты былі п'яныя і не падпарадкоўваліся законным патрабаванням праваахоўнікаў.

«Ідзе правапарушэнне або злачынства, абавязкова пішацца: гэта — фанат. Міністр даў адпаведнае даручэнне. Калі правапарушэнне не звязана з футбольнымі, хакейнымі, гандбольнымі і іншымі матчамі, а здзейснена ў побыце або грамадскім месцы, не мае ніякага значэння, ці з'яўляецца чалавек фанатам», - сказаў 30 лістапада Сяргей Сафар'ян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0