Цяжкая любоў да нобелеўскага лаўрэата — гэта з'ява ўласцівая не толькі аўтарытарным краінам. Я ведаў, што з Лакснэсам быў клінічны выпадак, але каб ажно так запушчана.

Цяпер во чытаю біяграфію ісландскага сацыяліста-каталіка, які быў не толькі суперталенавітым празаікам і нобелеўскім лаўрэатам, а яшчэ і верным сталіністам. У 1930-гады, падчас паездак у Расею, ён заўсёды наведваў Маўзалей. У 1949 годзе на пытанне, што ён думае пра СССР, ісландскі класік адказаў:

— Людзі тут спакойныя і аптымістычныя, у іх няма страху перад заўтрашнім днём. Падчас паездак у СССР я адпачываю і набіраю сіл. У мяне такое ўражанне, што я тут праходжу курс лячэння пасля гіганцкага дурдому, якім стала Заходняя Еўропа. У Савецкім саюзе мае нервы адпачываюць.

Сваімі заявамі і некаторымі творамі ён даводзіў да шаленства ісландскую эліту. Яго нават прапаноўвалі дэпартаваць альбо пасадзіць. Прэса, і не толькі ісландская, ездзіла па ім катком. Без Лакснэса не абыходзіліся ніводныя сур'ёзныя скандалы на выспе і палітычныя заварушкі. Ён шакаваў ісландцаў сваімі леварадыкальнымі поглядамі. Пры тым, яшчэ да Нобеля ў 1955 годзе, ён быў бясспрэчнай зоркай еўрапейскай літаратуры. І ён быў да мозга-касцей ісландскім аўтарам.

Але ўсе гэтыя інтрыгі ісландцы яму, па вялікім рахунку, прабачалі. Калі ён вяртаўся караблём з Нобелеўскага банкета, тысячы людзей віталі яго ў гавані Рэйк'явіка без адзінага прадстаўніка ўлады. (на здымку).

А ў 1963 годзе ён выдае сваю аўтабіяграфію, у якой нечакана ганіць савецкі лад, цалкам інакш інтэрпрэтуючы тое, што бачыў у СССР у 1930-ыя. У кнізе «Паэтычная эпоха» ён тлумачыць, што пераломным момантам, якое змяніла яго ўспрыняцце камунізма, стала уварванне саветаў у Вугоршчыну. На Лакснэса пачалі наракаць яшчэ нядаўна блізкія па духу калегі, А тэксты і інтэрв'ю былога сталініста пачалі выкарыстоўваюць на Захадзе для антысавецкай прапаганды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?