Вартавы карабель «Сметливый» у Севастопалі, фота ria.ru

Вартавы карабель «Сметливый» у Севастопалі, фота ria.ru

Экіпаж расійскага вартавога карабля «Сметливый» у Эгейскім моры адкрыў папераджальны агонь у напрамку турэцкага сейнера (рыбалоўнае судна), які збліжаўся з караблём, не адказваючы на яго запыты.

Як паведаміла міністэрства абароны РФ, агонь быў адкрыты са стралковай зброі «па ходзе руху турэцкага судна на адлегласці гарантаванага непаражэння».

У заяве міністэрства абароны Расіі гаворыцца, у 22 кіламетрах ад грэчаскай выспы Лемнас, у паўночнай частцы Эгейскага мора, да  расійскага вартавога карабля, які стаяў на якары, стаў набліжацца турэцкі сейнер. Турэцкае судна нібыта не адказвала на візуальныя сігналы і не ішло на радыякантакт.

Экіпаж «Сметлівага» ўжыў стралковую зброю, калі турэцкае судна падышло да расійскага карабля на 600 метраў, пасля чаго, паводле заявы расійскага боку, яно змяніла курс.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам ў міністэрства абароны Расіі быў выкліканы вайсковы аташэ пры пасольстве Турцыі.

Сур'ёзны канфлікт

7 снежня Турцыя выказала крайняе абурэнне з нагоды фотаздымкаў, на якіх відаць, што на борце расійскага ваеннага карабля, што праходзіў па Басфоры, стаіць вайсковец з пераносным зенітным ракетным комплексам у руках, вонкава падобным на ПЗРК «Іголка».

Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу назваў інцыдэнт правакацыяй.

Расійска-турэцкія адносіны абвастрыліся, пасля таго як 24 лістапада турэцкі знішчальнік F-16 збіў над турэцка-сірыйскай мяжой расійскі бамбавік Су-24.

Анкара заявіла, што расійскі самалёт быў збіты пасля парушэння межаў паветранай прасторы Турцыі. Масква сцвярджае, што самалёт выконваў баявое заданне ў паветранай прасторы Сірыі.

У адказ на напад Расія ўвяла супраць Турцыі шэраг жорсткіх эканамічных санкцый і прыпыніла з 1 студзеня дзеянне бязвізавага рэжыму паміж краінамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?