Аднымі з самых небяспечных тавараў з'яўляюцца прыправы і спецыі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Дзяржстандарта.

Сярод іх розныя і віды і гандлёвыя маркі — куркума, кары, прыправа для рыбы і шашлыка ад «Вкусмастера», кары ад Papry, прыправа для свініны «Приправка», прыправа Degusta з кропам Vitpol, хмелі-сунэлі «7 блюд», чорны молаты перац «Приправка» і «Эстетика вкуса» вытворчасці Польшчы, Расіі і Украіны. Імпратавалі іх сталічныя ТДА «Сатурн-2», ПП «Прасперыці», ТАА «Авалонгандаль», ТАА «Добрада». 

За апошнія тры месяцы быў забаронены ўвоз і абарачэнне на рынку больш за дзясятак найменняў гэтай прадукцыі. Таксама спынена або прыпынена дзеянне дэкларацый, якія пацвярджаюць адпаведнасць гэтых тавараў патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» (ТР МС 021/2011). 

Небяспечныя прыправы былі выяўлены Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласнымі інспекцыямі Дзяржстандарта ў ходзе наглядных мерапрыемстваў. Па выніках выпрабаванняў адабраных узораў, праведзеных у акрэдытаваных выпрабавальных лабараторыях, амаль ва ўсіх прыправах была ўстаноўлена неадпаведнасць патрабаванням да мікрабіялагічных паказчыкаў: значнае перавышэнне норм па колькасці мікраарганізмаў, цвілі і бактэрый групы кішачнай палачкі.

Сярод прычын парушэнняў у Дзяржстандарце называюць якасць сыравіны, што пастаўляецца ў асноўным з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, недастатковы ўзровень санітарна-гігіенічнага стану вытворчасці і схем кантролю мікрабіялагічных паказчыкаў.

«Тыя імпарцёры, у якіх наладжаны ўстойлівыя сувязі з вытворцамі прыпраў і спецый і якія маюць прамыя кантракты на пастаўку гэтай прадукцыі, неадкладна адрэагавалі на выдадзеныя прадпісанні, стараюцца ў кароткія тэрміны ўстараніць парушэнні, — пракаментаваў начальнік аддзела дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарта Ігар Бусель. — Яны інфармуюць камітэт аб укараненні працэдур па поўным абеззаражванні ўваходнай сыравіны, арганізацыі ўваходнага кантролю партый прыпраў на адпаведнасць мікрабіялагічным паказчыкам у акрэдытаваных выпрабавальных лабараторыях». 

Па выніках прымянення прадпісанняў аб забароне ўвозу і абарачэння небяспечных прыпраў і спецый, а таксама аб спыненні (прыпыненні) дзеяння на тэрыторыі краіны дэкларацый аб адпаведнасці на іх была абмежавана рэалізацыі прадукцыі на суму больш за мільярд рублёў. «Сітуацыя адносна гэтай групы тавараў знаходзіцца пад пастаянным кантролем Дзяржстандарта. Нашы абласныя інспекцыі прадоўжаць ажыццяўляць за ёю выбарачны нагляд», — паведаміў Бусель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?