Ленінскі суд Магілёва разглядае справу былога лейтэнанта міліцыі Віктара Дзюкава, які абвінавачваецца, у прыватнасці, у махлярстве, дачы хабару і прысваенні звання або ўлады службовай асобы. 

У канцы 2014 года Дзюкаў быў затрыманы па падазрэнні ў махлярстве і падбухторванні да дачы хабару. Следчыя органы паведамлялі, што падазроны называўся падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы, членам міжнароднай арганізацыі і ветэранаў крымінальнага вышуку, юрыстам 1-га класа. Следства ўстанавіла, што Дзюкаў, добра ведаючы пра тое, што яго знаёмы не можа самастойна здаць экзамен ва ўпраўленні ДАІ Магілёўскага аблвыканкама на права кіравання транспартнымі сродкамі, вёў з ім перамовы і падбухторваў да дачы хабару супрацоўнікам ДАІ за спрыяльнае вырашэнне пытання. Сябе ён прапанаваў у якасці пасрэдніка, які і павінен быў перадаць незаконную ўзнагароду службовым асобам Дзяржаўтаінспекцыі. 

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, абнародаванымі 14 снежня падчас судовага пасяджэння, Дзюкаў сапраўды служыў оперупаўнаважаным у аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Ленінскага РАУС. У 1991 годзе ў званні лейтэнанта міліцыі быў звольнены за ўчынак, які дыскрэдытаваў званне супрацоўніка ўнутраных спраў. 

Пасля многіх гадоў ён стаў запэўніваць калег, якія выйшлі ў запас, што служыў у расійскай міліцыі і даслужыўся да падпалкоўніка. У ветэранскай арганізацыі Ленінскага РАУС верылі былому калегу і нават уручалі яму грашовыя прэміі і іншыя заахвочванні, пакуль у снежні 2014 года ў СМІ не з'явілася інфармацыя аб затрыманні Дзюкава. 

У 2012—2013 гадах, згодна з матэрыяламі справы, падсудны таксама актыўна супрацоўнічаў з расійскай грамадскай арганізацыяй ветэранаў аператыўных службаў «Гонар». Ад яе ў верасні 2013 года ён атрымаў медаль «95 гадоў крымінальнаму вышуку» і нават браў удзел у адкрыцці каля будынка УУС Бабруйскага гарвыканкама памятнага знака роданачальніку расійскай крыміналістыкі, загадчыку крымінальнага вышуку Расіі Аркадзю Кашко і яго брату, генерал-губернатару Пермі Івану Кашко. На сайце «Гонару», у шэрагі якога Дзюкаў быў прыняты ў верасні 2014 года, ён дагэтуль згадваецца як намеснік начальніка абласнога УУС. 

На судзе Дзюкаў хадайнічаў аб запыце, якім чынам з яго асабістай электроннай пошты была атрымана інфармацыя аб спісах супрацоўнікаў міліцыі, узнагароджаных «Гонарам», іх фатаграфіі. Суддзя палічыла немэтазгодным рабіць такі запыт, паколькі, паводле яе слоў, гэтая інфармацыя была таксама атрыманая і з іншых крыніцаў. «Вы можаце напісаць скаргу на правамернасць доступу следчага да вашай пошты», — сказала яна. 

Наступнае пасяджэнне па справе Дзюкава прызначана на 15 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?