Следчы камітэт Беларусі працягвае расследаванне па справе экс-генеральнага менеджара мінскага «Дынама» Уладзіміра Беражкова, падазраванага па артыкуле 210 (частка 3) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

13 снежня скончыліся чатыры месяцы з дня затрымання. На запыт аб бягучым статусе справы прэс-служба Следчага камітэта адказала коратка: «Следства працягваецца».

Як стала вядома Tribuna.com, тэрмін папярэдняга следства па справе Беражкова падоўжаны да 13 студзеня. Нагадаем, раней тэрмін ужо прадаўжаўся на два месяцы.

Згодна з арт. 191 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, тэрмін папярэдняга следства можа быць прадоўжаны да паўгода рашэннямі начальнікаў следчых падраздзяленняў. На тэрмін звыш паўгода тэрмін папярэдняга следства можа павялічвацца ў выключных выпадках з санкцыі Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь або іх намеснікаў.

Нагадаем, што Уладзімір Беражкоў быў затрыманы ў сярэдзіне жніўня па падазрэнні ў крадзяжы не менш як аднаго мільярда беларускіх рублёў. Праз два тыдні СК сабраў прэс-канферэнцыю, дзе заявіў, што затрыманы прызнаўся ў зробленым і гатовы падаць прашэнне аб памілаванні. Пазней сваякі і адвакат Беражкова абверглі гэтую інфармацыю, заявіўшы, што ні пра якое прашэнне гаворка не ідзе і віну ён не прызнае.

У кастрычніку гульцы мінскага «Дынама» сабралі подпісы ў падтрымку Уладзіміра Беражкова і адправілі ліст на імя прэзідэнта Беларусі.

Следчы камітэт са жніўня ніякіх каментароў па справе Беражкова не даваў, адзначаючы, што як толькі з'явіцца важная інфармацыя, яна будзе апублікаваная на афіцыйным сайце СК.

Раней быў прадоўжаны тэрмін папярэдняга следства па справе экс-генеральнага дырэктара мінскага «Дынама» Максіма Суботкіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?