Выходныя адзначыліся цэлым шэрагам цікавых спартовых спаборніцтваў. «НН» прапаноўвае чытачам невялікі агляд.

Футбол. Кубак Беларусі.

Адбыліся першыя чвэрцьфінальныя матчы Кубку Беларусі па футболе. Цэнтральная сустрэча праходзіла у між «Гомелем» і МТЗ-РІПА. На дзіва, упартай гульні не атрымалася. Менчукі ўпэўнена перамаглі суперніка – 4:0.

У другім матчы, які праходзіў у сталіцы, салігорскі «Шахцёр» зь цяжкасьцю перамог «Дарыду» – 2:1. Чэмпіён барысаўскі БАТЭ без праблем адужаў першалігавы «Хімік» са Сьветлагорску – 3:1. «Дынама» (Менск) і магілёўскі «Дняпро» сышлі з поля без забітых мячоў – 0:0.

Матчы ў адказ адбудуцца 2 красавіка.

Хакей. Фінал чэмпіянату Беларусі.

Адбыліся два першыя матчы фінальнай сэрыі чэмпіянату Беларусі па хакеі між «Керамінам» і «Юнацтвам». У абедзьвюх сустрэчах «драконы» атрымалі аднолькавыя перамогі зь лікам 2:1. Цяпер «Юнацтву», каб пераламаць хаду сэрыі трэба будзе вельмі пастарацца.

Каманды на наступныя матчы, якія пройдуць 2 і 3 красавіка, пераяжджаюць на каток у парку імя Горкага.

Вэлятрэк. Чэмпіянат сьвету.

Удала для беларусаў прайшоў чэмпіянат сьвету па вэлятрэку ў брытанскім Манчэстэры. Натуральна, мы спадзяваліся на прыму беларускага вэляспорту Натальлю Цылінскую, але на гэты раз удача ад яе адвярнулася. У гіце яна была толькі восьмай, а ў спрынце ўвогуле атрымала траўму і не змагла працягнуць спаборніцтвы.

Затое зазьзяла ў Манчэстэры новая зорка – Аляксандар Лісоўскі. Гамяльчук упэўнена перамог у скрэтчы, а таксама заваяваў бронзу ў омніюме.

Васіль Кіраенка выйграў залаты мэдаль у алімпійскай дысцыпліне – гонцы па пунктах.

Міні-футбол. Плэй-оф да чэмпіянату сьвету.

У нядзелю зборная Беларусі па міні-футболу ва Ўруччы правяла першы матч плэй-оф да чэмпіянату сьвету. Зь лёсаваньнем беларусам не пашанцавала – бронзавыя прызэры апошняга кантынэнтальнага першынства расейцы. Ужо на дзесятай хвіліне гульні гаспадары прайгравалі – 0:5. Пасьля гульня троху супакоілася і нашы хлопцы нават змаглі адыграць адзін мяч. Зрабіць большага не атрымалася – 1:5.

Матч у адказ 13 красавіка ў Шчолкаве можа стаць звычайнай фармальнасьцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?