Імпарцёр Audi у Беларусі мае намер прапанаваць расійскі ўзровень цэн на аўтамабілі, паведаміў 15 снежня на сустрэчы з журналістамі ў Мінску Уладзіслаў Туркін, генеральны дырэктар СП «Аўтасалон-AV», якое з'яўляецца імпарцёрам Audi. 

Як адзначыў Туркін, з пачатку 2015 года прадпрыемства прадало 425 аўтамабіляў Audi, «што для прэміум-сегмента ў цэлым нядрэнна». Летась было рэалізавана 572 аўтамабілі. Адна з галоўных прычын падзення продажу — увоз аўтамабіляў з Расіі, абумоўлены дэвальвацыяй расійскага рубля. 

Імпарцёр Audi у Беларусі разлічвае найбліжэйшым часам змяніць цэнавую сітуацыю. «Наш кліент з-за аб'ектыўных прычын сыходзіў у Расію. У сувязі з гэтым мы вельмі доўга даказвалі нашаму канцэрну неабходнасць прывязкі да расійскіх цэн, і мы ўсё ж дастукаліся да канцэрна», — сказаў Туркін. 

Паводле яго слоў, адным з галоўных аргументаў стала будаўніцтва новага аўтацэнтра Audi на праспекце Незалежнасці ў Мінску, які пачаў працу вясной гэтага года і поўнасцю адпавядае ўсім патрабаванням нямецкага канцэрна. «У тым ліку зыходзячы з гэтага ў канцэрне пайшлі нам насустрач і зрабілі пераразлік цэн для нас у прывязцы да курсу расійскага рубля. З новага года ў нас пачынаюцца новыя кантракты, і цэны практычна зраўнуюцца з расійскімі», — удакладніў кіраўнік СП. 

Імпарцёр Audi таксама абвясціў пра старт продажу ў Беларусі новага пакалення мадэлі Audi A4. Аўтамабіль ужо прапанаваны ў Мінску, цэны на новую мадэль пачынаюцца ад 23.980 еўра. 

«Аўдзі Цэнтр Мінск» — першы ў Беларусі афіцыйны дылерскі цэнтр Audi, пабудаваны паводле новай фірменнай канцэпцыі «Audi Тэрмінал». Інтэр'ер дылерскага цэнтра таксама поўнасцю выкананы згодна з новай канцэпцыяй Audi. Агульная плошча аўтацэнтра — 5.800 кв. м, плошча шоу-рума — 1.580 кв. м на двух паверхах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?