Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі адмовілася займацца справай аб наданні актывісту беларускай апазіцыі Аляксею Шыдлоўскаму палітычнага прыстанішча.

Як паведаміў БелаПАН А. Шыдлоўскі, яму патлумачылі, што ў адпаведнасці з Дублінскім пагадненнем займацца справай аб прадастаўленні палітычнага прыстанішча павінна краіна, якая выдала больш доўгатэрміновую візу.

«На той момант у мяне дзейнічала гадавая літоўская віза, а чэшская была выдадзена толькі на тры дні. Незразумела толькі, навошта мяне было трымаць у лагеры для бежанцаў паўтара месяца», — падкрэсліў ён.

А. Шыдлоўскі паведаміў, што з Чэхіі ён быў высланы ў Літву, аднак літоўскія ўлады не ведалі падрабязнасці яго справы і хацелі накіраваць у Беларусь.

«У выніку мне ўдалося дамовіцца, каб мяне накіравалі ва Ўкраіну», — зазначыў ён.

Актывіст апазіцыі пакуль не збіраецца вяртацца ў Беларусь.

«Мяне арыштуюць ужо на мяжы, я ўнесены ў адпаведны спіс. Мой адвакат даведаўся, што я аб’яўлены ў вышук па Беларусі, а справа ў дачыненні да мяне знаходзіцца ў закансерваваным стане. Цяпер у мяне скончыўся тэрмін дзеяння літоўскай візы. Буду спрабаваць зноў атрымаць чэшскую візу, гэтым разам фармальных прычын адмовіць у разглядзе май справы не будзе», — паведаміў ён.

А. Шыдлоўскі вымушаны быў прасіць палітычнае прыстанішча пасля таго, як у Беларусі ў яго дачыненні ў канцы 2007 года была распачата справа на падставе ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), згодна з якой яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа была адкрыта пасля бойкі ў магазіне, што ўзнікла пасля сваркі з прадаўцом з‑за партрэта Аляксандра Лукашэнкі. А.Шыдлоўскі заяўляе, што бойка была справакавана.

У лютым 1998 года А.Шыдлоўскі быў асуджаны да 1,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў злосным хуліганстве за нанясенне антыпрэзідэнцкага графіці на сцены дамоў у Стоўбцах Мінскай вобласці. У 2001 годзе за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага маладзёжнага руху «Зубр» ён быў асуджаны да двух гадоў папраўчых работ і выключаны з Інстытута сучасных ведаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0