Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да боепрыпасаў (ч. 2 арт. 295 КК).

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўныя супрацоўнікі Ленінскага РАУС Горадні затрымалі 40-гадовага мужчыну без пэўнага месца жыхарства і роду заняткаў, які збыў гродзенцу некалькі патронаў калібра 5,45 мм, прызнаных экспертамі прыдатнымі для стральбы боепрыпасамі.

У ходзе наступнага агляду дома ў прыватным сектары, дзе ў апошні час пражываў затрыманы, было знойдзена і канфіскавана яшчэ амаль 2 тыс. аналагічных патронаў.

Следчыя выявілі, што падазраваны знайшоў боепрыпасы ў канцы 1990-х гадоў каля адной з воінскіх частак, якая рыхтуецца да расфармавання, і захоўваў у розных месцах. Улічваючы, што ў апошні час ён вёў амаральны лад жыцця, злоўжываў спіртнымі напоямі, развёўся і не меў крыніцы даходу, вырашыў збываць патроны.

Для аднясення канфіскаваных падчас агляду дома патронаў да катэгорыі боепрыпасаў і выяўлення іх прыдатнасці па мэтавым прызначэнні прызначаная судова-балістычная экспертыза, якая праводзіцца экспертамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

У дачыненні да падазраванага прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад утрымання дзяцей.

Следчыя і супрацоўнікі міліцыі высвятляюць іншыя магчымыя факты супрацьпраўнай дзейнасці фігуранта, у тым ліку звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да боепрыпасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?