Выявіць беларусаў, якія ваявалі ва Украіне і вяртаюцца ў Беларусь праз расійска-беларускую мяжу, практычна немагчыма. Найперш таму, што ніякага памежнага кантролю на гэтым кірунку няма. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

youtube.com

youtube.com

«З тэрыторыі Расіі цалкам могуць да нас пранікаць гэтыя асобы. І пытанне толькі ў аператыўным выяўленні іх тут, ідэнтыфікацыі і зборы матэрыялаў. Мы гэтым таксама займаемся. Хаця ёсць цяжкасці, бо ўліку памежнага няма, і мы не можам ажыццявіць поўны кантроль за ўсімі, хто сюды прыбывае. Ёсць такі інструмент, як з дапамогай сістэмы набыцця квіткоў. Але ж ёсць дарогі, машыны легкавыя і тут», — сказаў ён.

Міністр прызнаецца: калі такі чалавек трапіў у нашу краіну і ніяк сябе і свой удзел у баявых дзеяннях сам не выдае, то выявіць яго практычна немагчыма.

«Як такіх людзей выявіць? Вы задаяце правільнае пытанне, але адказу на яго вы не атрымаеце. Бо тут рэч такая сітуатыўная шмат у чым. Калі ў нас няма інфармацыі, то відавочна, што мы не рэагуем. Я не адкажу вам на пытанне «Як яго выявіць?», я не ведаю, як яго вылічваць. Універсальнага механізму няма. Ёсць аператыўныя сродкі і метады, якія мы выкарыстоўваем, але гарантаваць, што 100% гэтых людзей мы зможам выявіць, я вам не магу. Мы стараемся гэта рабіць, мы імкнемся ахаваць нашых грамадзян, нашу дзяржаву ад любых пагроз, у тым ліку і ад гэтых асобаў, што ваявалі. Калі яны ёсць, гэтыя пагрозы. Але вы самі разумееце, што 100% гарантыю ніхто вам не дасць», — падкрэсліў ён. 

Па словах Шуневіча, каб выяўляць такіх грамадзян, беларускія праваахоўнікі карыстаюцца інфармацыяй Еўрапола і Інтэрпола, калегаў з Украіны, «іншымі крыніцамі інфармацыі». Праўда, па словах міністра, магчымасць атрымліваць інфармацыю з рэгіёнаў, занятых баевікамі так званых ДНР/ЛНР, «безумоўна ўскладненая». І таму міліцыянеры разлічваюць на пільнасць беларусаў.

Нагадаем, днямі Ігар Шуневіч паведаміў, што ў Следчы камітэт былі перададзеныя сабраныя матэрыялы па 12 беларускіх грамадзянах, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Па словах міністра, следчыя павінныя вызначыць, ці ёсць у сабраных матэрыялах падставы для таго, каб распачаць крымінальную справу па артыкуле «Наёмніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?