Ідэю правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл ужо падтрымалі сем апазіцыйных лідараў, якія пагадзіліся ўвайсці ў аргкамітэт, паведаміў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года былы палітвязень Мікалай Статкевіч. 

Статкевіч, а таксама Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч 18 снежня абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. У сумеснай заяве тры палітыкі падтрымалі апублікаваны напярэдадні зварот вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў апазіцыі з заклікам кансалідавацца і правесці кангрэс для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў. 

Сёння раней Статкевіч заявіў, што «ідэя правядзення кангрэса ўжо нават пераспела». «Таму я пачаў выконваць тэхнічныя функцыі і тэлефаную ўсім лідарам апазіцыі. Я гатовы прыкласці намаганні, каб паскорыць рэакцыю лідараў апазіцыі, да якіх быў адрасаваны ўчарашні зварот», — сказаў ён. 

Палітык назваў імёны апазіцыйных лідараў, якія пагадзіліся ўвайсці ў аргкамітэт кангрэса. Акрамя яго, Някляева і Шушкевіча гэта Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч. 

Статкевіч плануе атрымаць адказ ад Аляксея Янукевіча і Паўла Севярынца. Акрамя таго, ён не ведае, калі адкажа на яго прапанову Анатоль Лябедзька і пакуль не ведае рэакцыю Аляксандра Мілінкевіча і Ірыны Вештард. 

Палітык паведаміў, што не звяртаўся з прапановай узяць удзел у кангрэсе дэмакратычных сіл да лідараў кампаніі «Гавары праўду» і да Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?