Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі зацверджаныя Правілы прафесійнай этыкі ў галіне пахавальнай справы. Тэкст дакумента ад 22 лiпеня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 19 снежня.
Правілы вызначаюць асновы прафесійнай этыкі пры аказанні работнікамі спецыялізаваных арганізацый, iншых юрыдычных асоб і індывідуальнымі прадпрымальнікамі паслуг у галіне пахавальнай справы заказчыкам рытуальных паслуг.
Вызначана, што «пры аказанні паслуг у галіне пахавальнай справы неабходна выконваць наступныя маральна-этычныя прынцыпы: павага; спачуванне; ветлівасць; стрыманасць; карпаратыўнасць; неканфліктнасць; арганізаванасць; канфідэнцыйнасць».
«Павага, спачуванне, ветлівасць заключаюцца ў праяве асобамі, якія аказваюць паслугі ў галіне пахавальнай справы, чуласці, добразычлівасці, уважлівасці, ветлівасці пры аказанні паслуг у галіне пахавальнай справы, а таксама ў праяве памяркоўнасці і разумення да этнакультурных нормаў, вераванняў і абрадаў ў галіне пахавання, павазе поглядаў і перакананняў асоб, якiя панеслi страту, у тым ліку выключэнні дыскрымінацыі па рэлігійнай і (або) нацыянальнай прыкметах, забароне прывілеяў і (або) абмежаванняў па прыкметах расы, колеру скуры, палітычных, рэлігійных і іншых перакананняў, полу, этнічнага і сацыяльнага паходжання, маёмаснага стану, месцажыхарства, па моўных ці іншых прыкметах. Стрыманасць заключаецца ў захаванні асобамі, якія аказваюць паслугі ў галіне пахавальнай справы, тактоўнасці і карэктнасці ў зносінах з асобамі, якія панеслі страту», — гаворыцца ў дакуменце.
Правілы прадугледжваюць, што «не дапускаецца навязванне асобамі, якія аказваюць паслугі ў галіне пахавальнай справы, тавараў (работ, паслуг) для арганізацыі пахавання, а таксама ўключэнне ў жалобную цырымонію пахавання (у тым ліку на аснове волевыяўлення памерлага, пажадання яго родных і блізкіх) элементаў, якія парушаюць грамадзянскія правы, свабоды і абавязкі, устаноўленыя дзеючым заканадаўствам. Удзел асоб, якiя панеслi страту, у падрыхтоўцы і правядзенні пахавання павінен разглядацца пры аказанні паслуг у галіне пахавальнай справы як прыярытэтнае права гэтых асоб».