Дэлегацыя Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый на чале з прэзідэнтам УЕФА Мішэлем Плаціні прыбыла ў Мінск 1 красавіка з візітам, які будзе доўжыцца крыху менш за суткі.

Адным з пунктаў праграмы стала сустрэча з прэзідэнтам Беларусі і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандрам Лукашэнкам. «Вы для мяне недасягальная велічыня. Я памятаю тыя галы, якія вы забівалі», — прыводзяць словы А.Лукашэнкі афіцыйныя крыніцы.

«Сёння я сустрэўся са сваім кумірам, — зазначыў беларускі кіраўнік. — Я вельмі рады, што вы актыўна дапамагалі нашаму футболу як у фінансавых, так і ў тэхнічных адносінах».

А.Лукашэнка ўручыў М.Плаціні ордэн НАК за ўклад у развіццё беларускага футбола.

У сваю чаргу прэзідэнт УЕФА зазначыў, што яму цяжка прадказваць будучыню, але відавочная «тая вялікая работа, што робіцца нацыянальнай федэрацыяй футбола, дзякуючы якой падтрымліваецца цікавасць да гэтага віду спорту ў Беларусі, найперш з боку моладзі».

«Калі ў вас народзіцца хаця б адзін Пеле — гэтага дастаткова для вялікага поспеху», — лічыць М.Плаціні. На яго думку, у супрацоўніцтва УЕФА і Беларусі цудоўныя перспектывы. «Мы прыбылі, каб арганізаваць падтрымку вашай нацыянальнай футбольнай федэрацыі і вызначыць кірунак работы па развіцці футбола ў Беларусі», — сказаў М.Плаціні.

Увечары 1 красавіка прэзідэнт УЕФА сустрэнецца з дэлегатамі штогадовай справаздачнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі футбола і журналістамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?