Група кенійскіх мусульман заступілася за сваіх суайчыннікаў-хрысціян падчас нападу баевікоў на аўтобус на паўночным усходзе краіны.
Аўтобус, які рухаўся з Найробі ў горад Мандэру, быў спынены ля мяжы з Самалі ўзброенымі баевікамі. Як распавялі відавочцы, калі баевікі запатрабавалі, каб пасажыры падзяліліся на групы ў залежнасці ад веравызнання, мусульмане адмовіліся выконваць загад.
У выніку нападу загінулі два чалавекі, адзін з іх — пасажыр, які спрабаваў уцячы ад баевікоў. Больш ніхто з тых, хто знаходзіўся ў аўтобусе, не пацярпеў.
Улады Мандэры заявілі, што мусульмане такім чынам прадэманстравалі пачуццё патрыятызму, паказаўшы, што баевікі могуць альбо забіць усіх, альбо ўсіх адпусціць з мірам.
Як мяркуецца, аўтобус спынілі баевікі групоўкі «Аш-Шабаб», аднак пакуль ні адна з груповак, якія дзейнічаюць у рэгіёне, не ўзяла на сябе адказнасць за напад.