Кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін не бачаць неабходнасці ў правядзенні ў найбліжэйшыя месяцы кангрэса дэмакратычных сіл. 

Нагадаем, 17 снежня група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікалі апазіцыю да кансалідацыі і правядзення кангрэса дэмсіл для выпрацоўкі далейшых дзеянняў. 

18 снежня апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт таксама пагадзіліся ўвайсці Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч. Пры гэтым палітык адзначыў, што не звяртаўся з прапановай узяць удзел у кангрэсе дэмакратычных сіл да лідараў кампаніі «Гавары праўду» і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». 

«Пакуль тут няма чаго каментаваць, гэта толькі словы. Наша пазіцыя вельмі простая: наперадзе парламенцкая кампанія, у грамадства ёсць запыт на перамены, трэба працаваць з ім, а не займацца ўнутрыапазіцыйнымі перамовамі», — заявіў Дзмітрыеў. 

Ён лічыць, што сёння больш эфектыўна гаварыць аб канкрэтных рэчах і плане дзеянняў, аб'яднаўшыся вакол іх, а не рабіць «гучныя заявы, якія на практыцы прыводзяць да яшчэ большай раздробленасці і незадаволенасці адзін адным». «Аб'яднанне адбываецца не на кангрэсах, а падчас сумесных дзеянняў. Кангрэс цяпер — гэта такое бяскрыўднае, у цэлым бескарыснае мерапрыемства, якое сваім вынікам можа мець новыя разборкі ўнутры апазіцыі», — падкрэсліў Дзмітрыеў. 

Калякін таксама не разумее, навошта цяпер праводзіць кангрэс. Паводле яго слоў, на кангрэсе можна было б вырашыць два пытанні: выбраць лідара напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі ці зацвердзіць праграму, якую падтрымлівае большасць у апазіцыі, напярэдадні парламенцкіх выбараў. «Цяпер у апазіцыі няма дамінантнай ідэі і стратэгіі, якія авалодалі б розумам большасці, ідзе іх пошук. Правесці кангрэс, каб канстатаваць адсутнасць аб'яднаўчых ідэй і планаў, значыць, паказаць незаможнасць апазіцыі. Гэта было б памылкай», — сказаў палітык. 

Калякін таксама лічыць, што ў правядзенні кангрэса быў бы сэнс, калі б у ім узялі ўдзел усе апазіцыйныя сілы. «Выразанне нейкага элемента па палітычных меркаваннях прывядзе да дэвальвацыі гэтага мерапрыемства», — лічыць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?