Першаму інтэрнэт-сайту, які быў запушчаны 20 снежня 1990 года, споўнілася 25 гадоў, перадае партал Engadget.

Так выглядаў першы сайт. Выява engadget.com

Так выглядаў першы сайт. Выява engadget.com

Рэсурс першапачаткова быў закрыты для шырокай публікі, і яго першымі наведвальнікамі сталі супрацоўнікі ЦЭРН. Сайт тлумачыў сутнасць распрацаванага навукоўцам Цімам Бернерсам-Лі гіпертэкставага праекта World Wide Web (WWW), які дазваляў абменьвацца інфармацыяй з калегамі, выкарыстоўваючы механізм гіперспасылак ў дакументах.

Бернерс-Лі прадставіў праект WWW на разгляд кіраўніцтва 12 лістапада 1990 года. Акрамя стварэння канцэпцыі WWW, навуковец прымаў удзел у вынаходстве ідэнтыфікатараў URL, пратаколу HTTP і мовы HTML, якія ляглі ў аснову сучаснай Сусветнай павуціны. Цяпер яго мэта — зрабіць інтэрнэт свабодным ад цэнзуры.

ЦЭРН (фр. Conseil Européen pour la Recherche Nucléaire — Еўрапейская рада па ядзерных даследаваннях) — найбуйнейшая ў свеце арганізацыя, якая займаецца даследаваннямі ў галіне фізікі элементарных часціц. Яна была заснаваная ў 1954 годзе 12 краінамі-ўдзельнікамі. У цяперашні час у ЦЭРН працуюць каля трох тысяч пастаянных супрацоўнікаў, уключаючы фізікаў з розных краін свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0