Хто варты званьня асобы першага месяца вясны? Хто зрабіў найбольш у студзені і тым самым прыцягнуў да сябе ўвагу грамадзкасьці і мэдыяў? Хто заслужыўся перад чалавецтвам і Беларусьсю? Галасуйце ў форме для апытаньняў.

Журналісты. Сакавік аказаўся надзвычай складаным для журналістаў, якія працуюць у незалежных СМІ. Спачатку 25 Сакавіка падчас сьвяткаваньня Дня Волі былі затрыманыя два журналісты «Наша Нівы» – Сямён Печанко і Андрэй Лянкевіч. Шакуючыя фота скрываўленага Лянкевіча абляцелі ўвесь сьвет. Печанка судзьдзя Маскоўскага раёну Тамара Ўнукевіч пакарала пятнаццацьцю суткамі арышту. Гэта пры тым, што калегі журналісты сьведчаць цьвёрда: Сямён ніяк не парушаў грамадзкі парадак, а выконваў свае прафэсійныя абавязкі.

27 ж сакавіка адбылася спэцапэрацыя. Супрацоўнікі КДБ правялі масавыя ператрусы ў журналістаў радыё «Рацыя», «Белсату», «Эўрарадыё». Ціск на журналістаў намінальна зьвязаны з крымінальнай справай «Трэцяга шляху», заведзенага за мульцікі пра Лукашэнку.

Журналісты рабілі сваю справу і ў іншых сытуацыях, напрыклад, калі апрылюднілі факт выстаўленьня «жывога шчыта» на дарозу Менск—Мікашэвічы.

Другі варыянт, які называўся ў Рэдакцыі найчасьцей, — гэта дэманстранты 25 Сакавіка, што выйшлі насупраць кардонаў спэцназу, дабіваючыся свайго права на свабоду сходаў, права адзначыць 90-годзьдзе незалежнасьці Беларусі ў цэнтры сталіцы, каля помнікаў нацыянальных паэтаў, а не на балотнай станцыі каля плошчы Бангалор.

Аляксей Марачкін. Кіраўніка Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» знакамітага мастака Аляксея Марачкіна абвінавацілі ў лаянцы і асудзілі на пяць сутак. Арыштавалі яго проста ў майстэрні, а ўсё гэта было зроблена, каб сканфіскаваць некалькі дзесяткаў расьцяжак і транспарантаў, намаляваных ім да Дня Волі. Заадно забралі ягонае знакамітае палатно «Лялькі» і пабілі кераміку. Выпадак з «брыдкасловам» Марачкіным — сымбалічны для беларускай інтэлігенцыі.

Карэн Ст’юарт і Міхаіл Хвастоў. 7 сакавіка Беларусь адклікала з Вашынгтону свайго пасла Міхаіла Хвастова. Гэта было патлумачана эканамічнымі санкцыямі ЗША супраць «Белнафтахіму». Празь пяць дзён Менск была вымушаная пакінуць пасол ЗША Карэн Ст’юарт. На гэтым дыпляматычная вайна між краінамі ня скончылася. Беларусь ужо дамаглася скарачэньня штату амэрыканскага пасольства ў два разы, а цяпер патрабуе новых скарачэньняў. На БТ быў паказаны рэпартаж пра шпіёнскую сетку, якая дзейнічала пад прыкрыцьцём амэрыканскай амбасады. ЗША на нейкі час спынілі выдачу віз для грамадзянаў Беларусі. Амэрыка ў сваю чаргу працягвае займаць цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да беларускіх уладаў.

Мянцюк. У сакавіку ўся Беларусь была шакаваная паведамленьнем пра здарэньне на трасе Менск – Мікашэвічы. Каб спыніць п'янага кіроўцу, які нёсься з хуткасьцю 180 км/г і 40 хвілінаў уцякаў ад міліцыянтаў са Слуцку, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу прыватнымі легкавымі аўтамабілямі, не высадзіўшы адтуль людзей. На шчасьце, абышлося без чалавечых ахвяраў, хаця кіроўца Мянцюк і ўрэзаўся ў адзін з аўтамабіляў. Дзякуючы гэтаму выпадку, пачалі ўсплываць і іншыя падобныя сытуацыі. Мянцюк стаў імем назоўным гэтай тэндэнцыі. Да таго ж, ён... прапаў.

Уладзімер Навумаў. У сувязі са справай ДАІшнікаў, праявіў сябе і міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Апраўдваючы непрафэсіяналізм работнікаў ДАІ, Навумаў заявіў, што зьвесткі пра інцыдэнт 2 сакавіка «скажоныя мэдыямі». Пазьней Навумаў яшчэ некалькі разоў у сакавіку зьяўляўся ў мэдыйнай прасторы. Напярэдадні Дня Волі ён заявіў, што міліцыя настроеная на самыя мірныя дзеяньні. Нагадаем, што акцыя скончылася разгонам, якіх ужо даўно не было. 28 сакавіка Ўладзімер Навумаў зноў «парадаваў» прадстаўнікоў СМІ новай сэнсацыяй – выяўлены «касір апазыцыі». Аднак, аказалася, што затрыманая 25 Сакавіка немаладая жанчына Натальля Ясевіч проста мела з сабой 8 мільёнаў рублёў, каб набыць блёкі, а ў аўтазак напрасілася сама, бо пабачыла, што туды пацягнулі яе адзінага сына.

Тыбэтцы. Масавыя хваляваньні прайшлі ў адміністрацыйным цэнтры Тыбэту Лхасе. Ад 10 сакавіка будыйскія манахі праводзілі у Тыбэце маніфэстацыі з нагоды 49-й гадавіны паўстаньня ў Лхасе, якое скончылася выгнаньнем духоўнага лідэра Тыбэту Далай-ламы. Падчас пратэстаў загінула некалькі дзесяткаў чалавек. Ад 1949 году Тыбэт знаходзіцца пад уладай Кітаю, але працягвае змагацца за сваю незалежнасьць. Акцыі салідарнасьці з Тыбэтам прайшлі ў многіх краінах сьвету, у тым ліку Беларусі.

Аляксандар Лісоўскі. Беларуская школа вэлатрэку заўсёды высока каціравалася ў сьвеце дзякуючы посьпехам Натальлі Цылінскай. На сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў Манчэстэры Цылінскай не пашанцавала. У гіце яна была толькі восьмай, а ў спрынце ўвогуле атрымала траўму. Затое зазьзяла новая зорка беларускага вэляспорту – Аляксандар Лісоўскі. Гамяльчук вельмі ўпэўнена перамог у скрэтчы, а таксама заваяваў бронзу ў омніюме. Яшчэ адзін залаты мэдаль у гонцы па пунктах выйграў Васіль Кіраенка. У агульным заліку зборная Беларусі заняла трэцяе месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?