«Міністр спорту купіў чатырохпакаёўку па цане, ніжэйшай за рынкавую» — артыкул пад такім загалоўкам быў апублікаваны ў «Нашай Ніве» ў маі 2015 года. Былы пажарнік Аляксандр Шамко ў апошні момант ускочыў у будоўлю на вуліцы Янкоўскага ў Мінску.

Праблемны дом «Маналітграда»

Дзяржаўны забудоўшчык «Будтэх» (пасля рэарганізаваны ў «Маналітград») узводзіў адзін з самых праблемных аб’ектаў горада. Кампанія даволі хутка набрала дольшчыкаў, аднак будаваць не спяшалася. Працэс часта спыняўся, а супраць кіраўніцтва «Маналітграда» заводзіліся крымінальныя справы.

Сярод дольшчыкаў была сям'я фінансіста Аляксея Р. На яго жонку была заключана дамова аб будаўніцтве чатырохпакаёўкі плошчай 92 м2. Сям'я заплаціла патрэбныя грошы, тым самым цалкам выканаўшы свае абавязальніцтвы, і проста чакала ключоў.

Аднак чакаць давялося доўга. Паводле дамовы, забудоўшчык абяцаў здаць дом у эксплуатацыю ў чэрвені 2011 года. Калі б «Маналітград» прытрымліваўся графіка, дэвальвацыя нямоцна ўдарыла б па будоўлі. Але гэта быў іншы выпадак. Таму дольшчыкаў папрасілі даплаціць. Цана падскочыла істотна, за самыя вялікія кватэры даплата складала да $10 тысяч. Людзі, натуральна, абурыліся. Большасць усё ж заплаціла, разлічваючы паскорыць будоўлю.

Спадзеў быў марным, «Маналітград» па-ранейшаму марудзіў, дом з горам напалам здалі ў эксплуатацыю толькі ў 2013 годзе, і тое не цалкам.

Два гаспадары адной кватэры

Былі і тыя, хто не стаў даплачваць, бо палічыў патрабаванні забудоўшчыка незаконнымі. Сярод іх і сям'я згаданага вышэй Аляксея Р. Тады «Маналітград» у аднабаковым рэжыме разарваў дамовы з такімі дольшчыкамі, паабяцаўшы аддаць раней сплачаныя грошы.

Вярнуць мусілі праіндэксаваныя сумы, аднак для дольшчыкаў гэта ўсё адно было нявыгадна. За свае кватэры яны ўжо заплацілі па «старым» курсе, а атрымалі б кампенсацыю па «новым».

«Маналітград» не прыдумаў нічога лепшага, чым адразу ж перапрадаць чатырохпакаёўкі, вызваленыя ад несаступлівых дольшчыкаў.

Менавіта тады, вясной 2014 года, пакупніком кватэры, дамову на якую мела жонка фінансіста Р., стаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. Жыллё ён браў ужо ў гатовым будынку — ніякіх рызыкаў недабудаванага дома. Квадратны метр каштаваў міністру $1134 у эквіваленце, і гэта была выгадная ўгода.

Нагадаем, на той момант у Мінску не было ніводнай новабудоўлі, таннейшай за $1250 за квадратны метр, і гэта ў дамах, у якія можна засяляцца толькі праз год-два! А на другасным рынку сярэдняя цана складала $1650 за метр.

Шамко тады адмовіўся каментаваць «Нашай Ніве» абставіны ўгоды, параіўшы звяртацца да свайго адваката.

Пакупніцай другой «вызваленай» кватэры была мінчанка Маргарыта Крывіцкая. У інтэрв’ю Onliner.by яна патлумачыла, што мела двухпакаёўку ў тым жа раёне Сухарава. Даведаўшыся, што прадаецца надзвычай танная чатырохпакаёўка, яна хутка прадала старую кватэру і набыла новую, у доме на Янкоўскага. Улічваючы цэны на рынку, даплаціць ёй давялося няшмат.

Супрацьлеглыя рашэнні суда

Першасныя дольшчыкі таксама не спалі ў шапку. Праўда, першы суд у кастрычніку 2014 года Віталь Гурыновіч — гэта «яго» кватэра дасталася Крывіцкай — прайграў. У чым быў сэнс спрэчкі паміж ім з аднаго боку і «Маналітградам» з Крывіцкай з іншага?

Забудоўшчык высылаў дольшчыку заказныя лісты з патрабаваннем альбо падпісаць дадатковае пагадненне (а значыцца, даплаціць каля $10 тысяч), альбо адмовіцца ад падпісання (і фактычна пагадзіцца на разрыванне дамовы і вяртанне грошай са стратамі). Гурыновіч жа знайшоў шчыліну ў заканадаўстве. Ён проста не атрымліваў гэтыя лісты ад забудоўшчыка, а значыцца, не меў і дадатковага пагаднення і не мусіў даплачваць грошы.

Аднак суддзя Партызанскага раёна трактавала закон па-свойму. Яна заявіла, што Гурыновіч «не прадаставіў доказаў таго, што карэспандэнцыя не была ім атрымана». І пастанавіла пакінуць кватэру Крывіцкай. Дольшчык абскардзіў рашэнне, і Мінскі гарадскі суд адправіў справу на перагляд.

Праз год, у верасні 2015 года, сітуацыя перавярнулася. Той самы суд Партызанскага раёна прыняў супрацьлеглае рашэнне: паколькі Гурыновіч не атрымліваў прапановаў аб даплаце, разрываць ягоную дамову было нельга. А значыцца, кватэру трэба аддаць яму, а Крывіцкай выплаціць кампенсацыю. У такім выпадку ў відавочным мінусе застаецца ўжо яна, таму рыхтуе апеляцыю. Кватэра тым часам знаходзіцца пад забаронай на адчужэнне.

Міністр змірыўся

Падобным чынам сітуацыя разгортавалася і ў сітуацыі з кватэрай Шамко, першасным дольшчыкам якой была жонка Р.

У пачатковым рашэнні суда пазначана, што менавіта міністр застаецца праваўласнікам кватэры. Аднак у выніку абскарджвання гарадскі суд вярнуў жыллё сям'і Р.

Прычым калі ў Гурыновіча і Крывіцкай спрэчкі працягваюцца, то Шамко змірыўся са стратай кватэры. Рашэнне наконт жылля сям'і Р. уступіла ў сілу, у жніўні 2015 года яго жонка стала паўнавартаснай гаспадыняй кватэры.

Праўда, сям'і Р. усё ж давялося даплаціць «Маналітграду» тыя грошы, наконт якіх вялася спрэчка некалькі гадоў таму, — каля $10 тысяч.

Колькі вернуць Шамко?

Маргарыце Крывіцкай «Маналітград» павінен вярнуць 1,2 мільярда рублёў (каля $64,5 тысячы ў эквіваленце). Нагадаем, у свой час яна заплаціла за кватэру каля 1 мільярда рублёў (тады гэта было каля $100 тысяч). То бок фактычных стратаў — каля $35 тысяч.

У Шамко сітуацыя падобная. Праўда, ягоная кватэра на 4 м2 большая (і знаходзіцца раўнютка над кватэрай Крывіцкай — пытанне пра якасць будаўніцтва). Таму і сумы ў яго крыху большыя. Такім чынам, міністр атрымаў стратаў прыблізна на $38 тысяч.

З ростам курса даляра сума стратаў будзе павялічвацца. Каму вернуць грошы і ў якія тэрміны — загадка.

«Маналітград» фактычна збанкрутаваў і мае $2 мільёны доўгу. Былым кліентам трэба чакаць, пакуль распрададуць маёмасць кампаніі. З гэтых грошай і будуць выдаваць кампенсацыі.

* * *

Аляксандр Шамко

Нарадзіўся ў 1968 у Мінску. Скончыў Мінскі політэхнічны тэхнікум (1987), Камандна-інжынерны інстытут МНС (2000), Акадэмію кіравання (2009).

Служыў у войску (1987—1989), у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях (1989—2012). Начальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС (2007—2008), намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях (2008—2012).

Міністр спорту і турызму (з 2012).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?