Кіраўнік беларускага ваеннага ведамства генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў возьме ўдзел у чарговым пасяджэнні Савета міністраў абароны дзяржаў — удзельніц СНД (СМА СНД), якое пройдзе 23 снежня ў Маскве.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, парадкам дня прадугледжанае абмеркаванне больш як 20 пытанняў. У іх ліку: вынікі выканання канцэпцыі ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці да 2015 года; сумесныя мерапрыемствы Аб'яднанай сістэмы проціпаветранай абароны СНД у 2016 годзе; план працы СМА СНД на 2016 год; план чэмпіянатаў на 2016 год, якія праводзяцца ў межах XII Спартакіяды дружалюбных армій, прысвечанай 25-годдзю СНД.
У Маскве прадугледжанае правядзенне чатырох двухбаковых сустрэч кіраўніка ваеннага ведамства Беларусі з калегамі з Азербайджана, Арменіі, Казахстана і Таджыкістана. Удзельнікі перамоў маюць намер зацвердзіць планы двухбаковага супрацоўніцтва на 2016 год.