«Калі жанчына кажа «не» — гэта значыць «можа быць».

Калі жанчына кажа «можа быць» — гэта значыць «так».

Калі жанчына кажа «так» — гэта не жанчына», — сказаў нейкі жартаўнік.

Прыходжу сёння ў падатковую інспекцыю ў Докшыцах. Кажу, хачу заплаціць падатак за тое, што яшчэ не памёр. Ці, юрыдычна, збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Пакуль базавая велічыня не вырасла.

— Мы не знаем… Никто ещё не платил… Начальника нет, она на собрании в Витебске. Может, сможете прийти в другой раз?

— Не, — кажу, — я хворы і мне цяжка ў Докшыцы ездзіць. — Давайце сёння.

— Вы сегодня ещё будете в Докшицах? Оставьте свой телефон, мы постараемся узнать и перезвоним вам после обеда.

— Дык дакумент аб датэрміновай выплаце збору быў прыняты і напэўна быў Вам дасланы. Некаторыя людзі ўжо заплацілі…

— Ладно, я сейчас спрошу.

Хвілін за дзесяць супрацоўніца знайшла бланкі патрэбных дакументаў, яшчэ за пятнаццаць усё аформілі і я атрымаў нумар банкаўскага рахунку і код плацяжу.

— Другое пытанне, — кажу, — хачу зарэгістравацца як рамеснік. — Буду кошыкі з лазы плесці.

— Мы не знаем. Работник, за это ответственный, в Витебске на совещании. Законодательство о ремесленной деятельности сейчас меняется, мы не знаем, как и что. Вот сегодня на семинаре об этом будут говорить, тогда будем знать… Может, позже подойдёте?

— Слухайце, — кажу, — закон, які рэгулюе рамесніцкую дзейнасць, не першы дзень існуе. І нават не першы год. Зарэгіструйце. Збор мне трэба заплаціць да 28 снежня, часу ўжо няма…

Жанчынка саступіла зноў. Пайшла параілася з калегамі, знайшла ўзор заявы. У камп’ютаровай базе знайшлі і пералік відаў рамеснай дзейнасці, прадугледжанай законам. Тут я перадумаў плесці кошыкі і вырашыў, што наступны год буду вязаць венікі. Пра што і напісаў у заяве.

Урэшце, ладжанне справаў з падатковай інспекцыяй, разам з паходам у банк, аплатай і адданнем квітанцый, заняло ў мяне менш як дзве гадзіны. Магло б заняць і некалькі дзён, калі б не ўгаворваў.

Калі кіравацца катэгорыямі аўтара вышэй цытаванага анекдота, то супрацоўніцы докшыцкай падатковай — сапраўдныя жанчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?