Рэпер прадстаўляе трэк «Каляда», які запісаў сумесна з вакальнай часткаю гурта Shuma для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».

У кампазыцыі спалучыліся рэп-музыка і фольк-сьпевы. Вінсэнт напісаў тэкст для куплетаў, а Šuma Voices у складзе Русі, Надзеі Чугуновай і Юліі Гібкоўскай ўплялі ў твор традыцыйны калядны напеў.

«Мы даўно хацелі зрабіць зь дзяўчатамі нешта супольнае, – распавядае рэпэр. –А тут якраз нам прапанавалі разам падрыхтаваць трэк да навагодняга тэлешоў. Відаць, прадусары адчулі, што мы пасуем адно да аднаго. Не імкнуліся да моднасьці, але атрымалася актуальна. Думаю, якраз у гэтым і сэнс, каб паказваць народныя матывы праз сучасную музыку, сумяшчаць гіп-гап, фольк і электроніку – гэта цікава гучыць і гэта можа слухаць моладзь, асабліва напярэдадні Калядаў». Музыка прызнаецца, што гэтае сьвята яму бліжэйшае ды важнейшае, чым уласна Новы год. І ён намагаецца яго адзначаць у коле сям’і. У гэтым уласна і дадатковы сэнс трэка: «Было такое, што я ня мог адзначыць Каляды з роднымі й нават сустракаў у самоце далёка за мяжой. І ў гэтай песьні якраз апавядаю тое, што багата дзе пабываў і вось цяпер я дома».

Удзельніцы Šuma Voices хутка спрацаваліся з Вінсэнтам. «Для прафэсыяналаў гэта нескладана, – кажа сьпявачка Руся. – Правялі час мы з узаемнай карысьцю: Вінсэнт нам расказаў колькі сакрэтаў чыткі, а мы яму правялі кароткі майстар-кляс па народных сьпевах. Наогул праца прайшла камфортна, прыемна, бяз цяжкасьцяў. Адна асалода!».

Акрамя вакалістак «Шумы» у трэку Вінсэнта таксама паўдзельнічаў Павал Сьцепанцоў (DJ Andy Roc). Песьня «Каляда» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?