Найлепшая футбалістка Беларусі-2015 Святлана Асташава, якая паспела ў 34 гады стаць 14-разовай чэмпіёнкай краіны, пагуляць у Расіі і Казахстане, паразважала аб гендарных забабонах, звязаных з жаночым футболам.

 

Вы становіцеся на абцасы, апранаеце вячэрнюю сукенку і кажаце, што футбалістка. Мужчын гэта шакіруе?

Я рэдка, вядома, такое кажу. Але калі расказваю, што спартсменка, мужчыны думаюць, што я тэнісістка. Калі удакладняю, што гуляю ў футбол, ніхто не верыць. Кожны глядзіць на гэта па-рознаму, але ў асноўным рэакцыя адмоўная, думаюць, што падманваю.

Вы злуецеся на такіх людзей?

Я мужчыну кажу адразу, што ён жыве сваім жыццём, і я ў яго працу лезці не буду. І ад яго патрабую таго ж. І калі мы сустракаемся, то прымай мяне менавіта такой, футбалісткай. Былі ў мяне адносіны, мужчына спрабаваў нешта змяніць, але з часам зразумеў, што футбол для мяне на першым месцы. Дзіця і футбол - гэта асноўнае, за што я трымаюся, што цаню. Тут наогул без варыянтаў. Я памятаю, што праз месяц пасля нараджэння дзіцяці пайшла гуляць за «Бабруйчанку». Мяне Касаткін ўзяў, хоць я набрала лішнюю вагу. Дзіця ў калысцы спала. Касаткін усё гэта прыняў, вельмі добра паставіўся. І на зборы дзіця са мной ездзіла. У «Мінск» прыехала з сынам, прынялі мяне вельмі добра. А ў «Зорка» дык увогуле дружная сям'я.

Я і не адчуваю свой узрост. І нават калі абганяю кагосьці з маладых, не здзіўляюся, што мне 34, а ім 18, і яны не могуць мяне дагнаць. Ёсць дзяўчынкі, якіх я бяру спецыяльна за руку і цягну, каб яны ў сабе перасільвалі нежаданне працаваць. У свой час Наташа Рыжэвіч (Марадона) і Оля Новікава дапамаглі мне, калі я перайшла ў «Бабруйчанку». Нам далі бегчы на час 10 км. Палову дыстанцыі з імі ў тройцы хутка праляцела, а потым быў момант, калі махнула рукой, не хацела бегчы. Але Оля і Наташа ўзялі мяне за рукі і сказалі: «Стас, ты можаш». Я на той момант была, дарэчы, не Света, а Стас. І я з імі прабегла да канца. Дзяўчынкі пастаянна падбадзёрвалі, падтрымлівалі. І пасля таго я зразумела, што заўсёды трэба падтрымліваць маладых, браць за руку, словамі дапамагаць. Абавязкова гэта трэба пераводзіць у гульню. Толькі тады чалавек забывае, што такое стомленасць, што такое боль.

Зразумела, што ў жаночым футболе сяброўства ёсць. А што наконт стэрэатыпу аб наяўнасці нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў гэтым відзе спорту?

Дык гэта не толькі ў жаночым футболе. Чым лепш спектакль, тым больш народа пра гэта ведае. Гэта ёсць усюды. Але заўсёды паласкалі гэтую тэму і будуць паласкаць менавіта ў нас.

Калі ў мужчынскім футболе такое сустракаецца, то падаецца як сенсацыя. Што тычыцца жаночага, то здзіўлення гэта ўжо ні ў кога не выклікае.

Я раней морды біла мужыкам, якія казалі, што я лесбіянка. Вельмі моцна змагалася. Потым гэтую справу кінула, бо што ім ні кажы, яны лічаць, што раз я футбалістка, то па-іншаму быць не можа. Кожны будуе жыццё так, як лічыць патрэбным. Але я сваю правату адстойвала сілай. Можа, бянтэжыла, што мяне Стасам называлі.

Чаму, дарэчы?

Раней была музычная група «Стелкі», мне падабалася там спявачка Стася. І мы неяк сядзелі з дзяўчынкамі і я сказала, што буду Сташкай. На што мне адказалі, што толькі Стас. Ну і добра. Плюс прозвішча Асташава. Змадэлявалі і атрымалася, што я стала Стасам. Бывала, што ішла на абцасах, мне Марына Лучанок, якая ў «Мінску» працуе трэнерам, крычала: «Стас!» Я абарочвалася, а яе дзеці-вучні шукалі гэтага Стаса. Я з гэтай нагоды наогул не камплексую. Праўда, цяпер я Света, мяне практычна заўсёды толькі так клічуць, - цытуе спартсменку offside.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0