25 снежня Раство (Нараджэнне Хрыстова, Каляды) святкуюць не толькі каталікі і пратэстанты. А таксама большасць праваслаўных кананічных (г.зн. класічных) цэркваў.

Так, 25 снежня Раство святкуюць Канстанцінопальская (апроч Афона), Албанская, Антыяхійская, Александрыйская, Кіпрская, Балгарская, Румынская, Чэшская і Славацкая, Эстонская апостальская, Эладская (Грэчаская) праваслаўныя цэрквы. 

7 студзеня Раство святкуюць кананічныя Руская, Сербская, Ерусалімская, Грузінская цэрквы, УПЦ Кіеўскага патрыярхата, некананічныя Македонская, Чарнагорская, шэраг праваслаўных экзархатаў у ЗША, Беларуская аўтакефальная, а з 2014 г. Польская аўтакефальная праваслаўная, грэчаскія старастыльнікі. 7 студзеня Раство святкуюць украінскія і расійскія грэка-каталікі.

Адметна, што праваслаўныя цэрквы, што святкуюць Раство 25 снежня, карыстаюцца не грыгарыянскім календаром,

а новаюліянскім, распрацаваным у 1923 г. прафесарам матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага ўніверсітэта, астраномам Мілуцінам Міланкавічам.

Да 28 лютага 2800 г. новаюліянскі каляндар будзе супадаць з грыгарыянскім.

Цікава, што ў 1923 г. патрыярх Ціхан увёў у РПЦ новаюліянскі каляндар, але незадавальненне ў царкве вымусілі патрыярха адкласці рашэнне на няпэўны тэрмін.

Дарэчы, Вялікдзень гэтыя цэрквы адзначаюць паводле юліянскага календара.

Мажліва, для праваслаўных у Беларусі (якія карыстаюцца юліянскім календаром) таксама было б варта перайсці на новаюліянскі каляндар, каб Каляды адзначаць з усім светам 25 снежня, а Вялікдзень — паводле юліянскага календара?

Безумоўна, усё ўпіраецца ў пазіцыю РПЦ, якая фактычна кіруе беларускімі прыходамі ў краіне. А як там вырашаць, так і будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?